Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 61

Ніл Гілевіч

Калі ж уся гэта вялікая і неабходная падрыхтоўчая праца будзе прароблена — застанецца самае цяжкае: даць жыццё вершу Вапцарава на сваёй роднай мове. Але даць іменна жыццё, а не існаванне — не збедненае, не прышчэмленае і немачнае паўжыццё, а тое моцнае, свабоднае і паўнакроўнае жыццё, якім жыве яго верш на роднай матчынай мове. Цяжкасці, з якімі сутыкнуўся беларускі перакладчык Вапцарава, напэўна, зведалі і яго калегі з другіх паэтычных краёў, хаця тут многае залежыць ад канкрэтных умоў, у прыватнасці — ад характару нацыянальнай паэтычнай традыцыі, ад ступені распрацаванасці розных стыляў літаратурнай мовы, ад рытмічных, эўфанічных і іншых магчымасцей, закладзеных у самой прыродзе верша і г. д.

Чым жа, на мой погляд, тлумачыцца цяжкасць непасрэднай працы паэта-перакладчыка над вершам Вапцарава?

Справа ў тым, што вапцараўская паэзія — глыбока наватарская і па духу і, кажучы словамі Маякоўскага, па самой сваёй «строчечной сути». У балгарскай крытыцы ўжо адзначалася, і справядліва адзначалася, што непасрэднага паэтычнага настаўніка Вапцарава назваць немагчыма — ён ні на кога са сваіх папярэднікаў не падобны, такога верша,— напісанага такой мовай, такім складам,— у балгарскай паэзіі яшчэ не было.

Размаляваны Джон цалуе палка Грэту. Юрлівай сліны па губах разводдзе... Годзе! Дзе тут жыццё і наш уласны лёс? Дзе драма тут? Хто гэты фальш размазаў? У грудзі нам, гатовы выстраліць вось-вось, парахавога часу ўпёрся маўзер! Вы хочаце, каб з нас хто палюбіў наіўна так і легкаверна? Нам грудзі ядавіты дым забіў, а нашы лёгкія ў кавернах! Вы хочаце, каб мы так па шашы каханых сустракалі ў лімузінах? Каханне наша ўсходзіць у душы за працай, між станкоў, у цэхах дымных. А потым — голад у вачах, няяснасць мар, за хлеб змаганне, увечар — вузенькі тапчан, і гаснем мы, і шчасце гасне. Вось гэта — лёс. Вось гэта — драма. Астатняе — хлусня з абманам.