Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 60

Ніл Гілевіч

Вось гэта апошняе, а іменна — разуменне значэння паэзіі Вапцарава для нашых дзён, яе актуальнасці, яе адпаведнасці ідэйна-эстэтычным вымогам нашага часу,— мне ўяўляецца надзвычай важным у працы перакладчыка. З гэтага трэба пачынаць — з глыбока асабістага пераканання, што яго паэзія патрэбна людзям сёння, што яго слова будзе з удзячнасцю зразумета і прыняты сучасным чытачом. Вядома яе, беларускі перакладчык думаў пра сваіх беларускіх чытачоў. Думаў пра тое, што для іх, жыхароў рэспублікі, якая яшчэ ў гады вайны атрымала гордую назву «рэспубліка-партызанка», рэспублікі, у якое свой, асобны рахунак фашызму — рахунак за кожнага чацвёртага забітага жыхара і за дзевяць тысяч спаленых гарадоў і вёсак,— што для іх творчасць гэтага выдатнага паэта-антыфашыста будзе асабліва блізкая і дарагая. Бо ў нас, у Беларусі, дзе на вайну з фашызмам падняўся ўвесь народ — усе, ад малога да вялікага,— ужо само гэта спалучэнне «паэт-антыфашыст» гучыць і ўспрымаецца па-асабліваму — у святле полымя той барацьбы, што разгарэлася і пылала на нашай зямлі. Зрэшты, гэтак жа яно ўспрымаецца і ўсімі савецкімі людзьмі, паўсюду ў нашай краіне.

Сапраўды, хіба нашым чытачам, асабліва старэйшых пакаленняў — былым франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, што даказалі сваю вернасць Радзіме ў змаганні з ворагам,— хіба ім не прыйдуцца да душы апошнія, перадсмяротныя радкі Вапцарава? Хіба гэта і не ад іх імя сказана?

Бязлітаснае мы вядзём змаганне. Эпічнае,— калі сказаць высока. Загіну я — другі па змену стане,— і што тут значыць нейкая асоба! Расстрэл, і за расстрэлам — чэрві. Усё лагічна: смерць і жвір магільны. Ды ў буру зноў табе паслужым верна, народзе мой, бо так цябе любілі мы!

А нашы жанчыны, тысячы і сотні тысяч адзінокіх жанчын, што з маладых гадоў засталіся ўдовамі вялікай вайны, ды і ўсе ўдовы свету,— хіба яны не адкажуць светлай жаночай удзячнасцю на Вапцараўскае «Развітальнае», хіба гэтыя радкі не абпаляць іх сэрцы болем?

Каб такія вершы, нічога не страціўшы і не сказіўшы, данесці да свайго чытача, паэту-перакладчыку мала ведаць балгарскую мову і мець самае агульнае ўяўленне, хто такі Вапцараў. Упачатку яго чакае немалая праца над тым, каб зразумець, спасцігнуць сам паэтычны феномен Вапцарава, а затым — незвычайна цяжкая і напружаная праца над яго радком, над яго словам.

Каб па-сапраднаму зразумець Вапцарава, неабходна перш за ўсё зразумець і засвоіць гістарычны лёс яго краіны і яго народа, а таксама — яго, Вапцараўскі, час, палітычны і маральны клімат грамадскага жыцця Балгарыі 30-х гадоў, духоўныя пошукі і імкненні перадавой балгарскай інтэлігенцыі той пары. Неабходна, напрыклад, ведаць, што Вапцараў, будучы камуністам, глыбока ўсвядомлена і пераканана звязваў будучыню свайго народа з перамогай сацыялістычнай рэвалюцыі ў Балгарыі і вёў па даручэнню партыі канкрэтную агітацыйна-прапагандысцкую работу. Што ён ганарыўся сваім паходжаннем з сям'і балгарскага рэвалюцыянера — паплечніка Пеё Яварава, Гоце Дэлчава і Даме Груева па барацьбе за ўз'яднанне ўсіх балгарскіх зямель у адной незалежнай дзяржаве. Што ён быў гарачым патрыётам свайго пірынскага краю і цяжка перажываў трагічныя заломы яго лёсу. Што ён ведаў балгарскую рэчаіснасць і, у прыватнасці, жыццё балгарскага пралетатарыяту не з кніг і не па чутках і атрымліваў уражанні — «матэрыял» для сваіх вершаў — як кажуць: з першых рук,— ён сам быў рабочым. Што ён, імкнучыся засвоіць вяршыні сусветнай паэтычнай культуры, у той жа час прайшоў вялікую эстэтычную школу нацыянальнага фальклору. Неабходна ведаць, што для Вапцарава Краіна Саветаў была ўвасабленнем яго рэвалюцыйнай мары, да якой ён цягнуўся ўсім сэрцам і душою. Што ён глядзеў савецкія кінафільмы і любіў спяваць у цесным сяброўскім коле папулярныя ў тыя гады савецкія песні. Што ён шукаў выпадку, каб спаткацца з савецкімі людзьмі, а гэта было тады справай рызыкоўнай і небяспечнай. Што ў сваёй творчасці ён імкнуўся арыентавацца на сацыяльныя і маральныя ідэалы савецкай літаратуры і што апошняя была для яго маяком неадольнай прыцягальнай сілы. Усё гэта, як і многае іншае, абавязкова трэба ведаць паэту-перакладчыку, таму што інакш проста не зразумець многіх твораў Вапцарава, не спасцігнуць належным чынам ідэйнай сутнасці ягонай творчасці ў цэлым, яго найпершага і найгалоўнага сэнсу.