Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 56

Ніл Гілевіч

Вершы Вапцарава — вельмі чалавечныя і па-чалавечы простыя і зразумелыя. Бадай, нікому з яго сучаснікаў не ўдавалася дасягаць такой лірычнай прастаты ў размове на тэмы падкрэслена грамадскія і так глыбока пранікаць у асабісты, унутраны свет чалавека працы. Яго лірыку зусім немагчыма расшчапіць на грамадзянскую і інтымную. Выдатным у гэтых адносінах прыкладам з'яўляецца верш «Пісьмо» («Ты помніш мора...») — рэдкая па сіле мужнасці лірычная споведзь маладога рэвалюцыянера і паэта, які цвяроза азірае пройдзеную дарогу. Успамінаючы аб мінулым — аб цяжкой і горка-бязрадаснай маладосці,— паэт не ўтойвае і таго, як «у пастцы жыцця» яго і сяброў «апошнія надзеі пакідалі, і вера ў дабро і ў чалавека, і ў тыя мары, што нам крылы далі».

А мы ж былі такія маладыя!..

Колькі пранізліва-чалавечага суму і жалю ў адным радку!

Паэт, які адмаўляў жыццё-сабаку, жыццё-атруту, у сапраўднасці — вялікі жыццялюб. У вершы «Вера», якім адкрываецца адзіная прыжыццёвая кніга Вапцарава «Песні матора» (1940), яго лірычны герой гаворыць: «З жыццём мы ў разладзе, але не падумай, што я ненавіджу яго, бо папраўдзе — і сціснуты ў лапах ягоных з металу — люблю і любіць яго не перастану! Да скону да самага не перастану!» Ён любіць жыццё, таму што верыць у яго, верыць у тое, што заўтра яно «прыгажэйшае, лепшае будзе». І гэта яго вера несмяротная: яе ні задушыць, ні расстраляць. Жыццё паэт разумее і прымае толькі як дзеянне, як барацьбу, а не як пустое і нікчэмнае празябанне. У тым жа вершы «Пісьмо» чытаем:

Калі б ты знаў, як дорага жыццё мне! Як ненавісны ўсякія хімеры!..

Гэтак жа бясконца, як жыццё, любіць паэт і родную зямлю — любіць па-сыноўняму горача і беззапаветна. Ён бачыць яе казачную прыгажосць, бачыць, як над ёю «прадвесне дажджы рассяе, грымяць вадаспады сонечныя», як «кветкі і травы буяюць», як «упіраецца ў неба Пірын» — і адчувае сваю кроўную еднасць з Радзімай і з усім працоўным народам. Як сапраўдны палымяны патрыёт Балгарыі, ён балюча перажывае несправядлівыя, трагічныя заломы яе гістарычнага лёсу: «Мне цяжка, Радзіма, нясцерпны цяжар на душы — ад спрэчак крывавых. Таму і хачу запытацца: каму гэта трэба? Табе, можа, трэба? Кажы!» («Радзіма»).

Адна з самых прывабных рыс лірычнага героя Вапцараўскай паэзіі — яго перакананы камуністычны інтэрнацыяналізм. Ёсць у паэта невялікая нізка вершаў аб грамадзянскай вайне ў Іспаніі, аб ідэйна-эмацыянальнай сутнасці якіх можна меркаваць па двух афарыстычна дакладных і моцных радках:

Цяпер ты мне — мой лёс, мой вырак, цяпер ты мне — маё жыццё.

Няма сумнення, што гэтыя глыбока шчырыя, непустыя словы паэт неаднойчы паўтараў у навальнічным сорак першым, калі фашысцкая навала, раздушыўшы Еўропу, рынулася па Усход. А за год да гэтага, восенню саракавога, выконваючы заданне партыі па агітацыі за падпісанне пакта паміж Балгарыяй і Савецкім Саюзам, Вапцараў напісаў верш «Сельская хроніка», які закончыў заклікам: «Далоў тэрор! Саюз з СССР!» (верш распаўсюджваўся ў рукапісу як лістоўка, за што паэт быў арыштаваны і высланы ў Гадэч). Як пясняр балгара-савецкага братэрства Вапцараў — дастойны пераемнік Смірненскага і разам з ім — настаўнік і натхпіцель новых пакаленняў паэтаў, сяброў краіны Леніна.