Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 55

Ніл Гілевіч

Мінаюць гады і дзесяцігоддзі, а імя гэтага паэта непазбыўным болем і гарачай любоўю жыве ў сэрцах суайчыннікаў, з'яўляючыся для маладых пакаленняў узорам рэвалюцыйнай стойкасці і патрыятызму, прыкладам — скажам гэта вельмі дакладным і ёмкім балгарскім словам — «всеотдайности» справе камунізме. Гэтак жа сама імя Вапцара карыстаецца вялікай сімпатыяй у мільёнаў людзей працы па ўсёй планеце, і перш за ўсё ў тых, хто і сёння гаворыць рашучае «не» вайне і фашызму. У чым жа заключана прыцягальная сіла гэтага паэтычнага імені?

Вядома ж — у яго высокім, сапраўды гераічным чалавечым і творчым лёсе. У непарыўнай лучнасці гэтых лёсаў. Ванцараў-Чалавек і Вапцараў-Паэт — аднолькава вялікія духам. Слова і справа ў жыцці Вапцарава — адпо і тое ж: іх не раздзяліць. Гераічная смерць Вапцарава-Чалавека, Камуніста, Патрыёта сцвердзіла бяссмерце Вапцарава-Паэта.

Пачуцці і розумы мільёнаў заўсёды заваёўвае толькі тая паэзія, якая нараджаецца ў вялікім і мужным сэрцы з непрытворных радасцей і пакут барацьбы, з глыбокага, непазбыўнага суму на чалавечай прыгажосці, з жывой і невыкаранімай веры ў перамогу жыцця, дабрыні, святла. Менавіта з такімі вершамі і прыйшоў у свет у пачатку трыццатых гадоў былы матрос і рабочы Нікола Вапцараў. Прыйшоў, каб простым, але горача натхнёным словам пераканаць братоў па класу, што гэтае жыццё — «раз'юшанага, ашчэранага шалёнага пса», з зубоў якога «ў нястомнай барацьбе» прыходзіцца вырываць «кавалак хлеба» («Завод»), жыццё, якое «капнеш — яно дыхне смуродам і горкім будзе, як атрута» («Гісторыя»), якое «аблытвае крылы балесна, душу заціскае ў гужы і душыць атрутнаю плесняй сваёй застарэлай іржы» («Эпоха»),— гэтае жыццё трэба адрынуць раз і назаўсёды як ганебна зневаягальнае для чалавечай годнасці. Гэтае жыццё трэба зламаць і на яго руінах пабудаваць другое — такое, як у Рассіі, дзе просты чалавек ганарыцца тым, што «сваёй мазолістай рукой эпоху творыць» («Пушкін»), Але дасягнуць гэтага можна толькі перамогай над класавым ворагам. А таму: «Няхай і шаблонна — я так разумею: і розум, і кроў, і жыццё сваё нават павінны ўліваць мы ў нашу ідэю» («Даклад»). Ідэя — гэта барацьба супроць эксплуатацыі і тыраніі. Барацьба, якая і робіць чалавека Чалавекам. У гэтым — асноўны пафас і галоўны ідэйны нерв паэзіі Ніколы Вапцарава.

Асаблівая прывабнасць яго вершаў у тым, што, чытаючы іх, мы ўсёй істотай сваёй адчуваем жывую плоць душы паэта, адчуваем бязмежную шчырасць, натуральнасць і праўдзівасць яго паэтычных прызнанняў, якія таму і гучаць для нас так пранікнёна і пераканаўча. Хаця паэт часта гаворыць аб рэчах і паняццях вельмі высокіх (абавязак, пакуты, барацьба і г. д.), у яго вершах няма ні рыторыкі, ні дэкларацый, ні позы. Пачуцці і думкі аўтара арганічна злітыя з пачуццямі і думкамі рэвалюцыйна настроеных рабочых-пралетарыяў; яго паэтычныя радкі — гэта эмацыянальна-вобразнае ўвасабленне духоўна-маральнай сутнасці новага класа, новага чалавека. Паэт ведаў, што тыя, да каго звернуты яго словы, яму вераць, і вось гэтая атмасфера ўзаемнага даверу і таварыстай блізкасці — без дыстанцыі ў размове — неадменна прысутнічае ў кожным творы.