Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 54

Ніл Гілевіч

2. З верай у чалавека і ў светлую будучыню Радзімы

У багатай на слынныя імёны балгарскай паэзіі дваццатага стагоддзя імя Ніколы Вапцарава бясспрэчна належыць да самых значных, да імён усенародна любімых на Радзіме і шырокавядомых, прызнаных у свеце. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў гэтае імя нязменна сімвалізуе тую ідэйна-мастацкую вышыню, на якую здолела ў давераснёўскі час узняцца прагрэсіўная паэзія Балгарыі. Ад першага да апошняга радка паэзія Вапцарава развівалася ў духу вернасці вялікім рэвалюцыйным, дэмакратычным і гуманістычным традыцыям як паэзія высокага грамадзянскага і партыйнага гучання і актыўнага сцвярджэння ідэалаў сацыялістычнага грамадства, а дакладней — як паэзія сацыялістычнага рэалізму.

Так, хаця ягонае слова і нараджалася ў цісках буржуазна-капіталістычнага ладу, яно было словам паэта, узброенага ясным марксісцка-ленінскім светапоглядам. Гэта быў голас вернага сына балгарскага рабочага класа, голас палымянага змагара-камуніста і шчырага сябра вялікай Краіны Саветаў. Вапцараў жыў і тварыў у той час, калі найбольш таленавітыя і сумленныя дзеячы балгарскай літаратуры і мастацтва пачыналі ўсё мацней звязваць будучы лёс сваёй бацькаўшчыны з праграмай барацьбы, абвешчанай камуністамі, і ўсё мацней цягнуліся душой да святла з Усходу. Вапцараву было суджана стаць найбольш красамоўнай выявай гэтага пераможнага развіцця, найбольш яркім увасабленнем творчых прынцыпаў новай эстэтыкі на гэтым апошнім, завяршальным этапе рэвалюцыйнай і антыфашысцкай барацьбы ў краіне. І зусім справядліва, што другая палавіна трыццатых — пачатак саракавых гадоў — час росквіту ягонай творчасці — у гісторыі пралетарска-сацыялістычнай паэзіі Балгарыі названы «Вапцараўскім» часам.

У бліскучай плеядзе балгарскіх паэтаў-камуністаў перадваеннага дзесяцігоддзя Вапцараў вылучаецца незвычайна моцным і арганічным талентам. Яго глыбока партыйная творчасць найбольш ярка раскрыла характэрныя рысы літаратуры новага тыпу, літаратуры, якая змагалася — ва ўмовах манарха-фашысцкага рэжыму — за сацыялізм. Перакананы камуніст і антыфашыст, Вапцараў на доўгія гады вызначыў магістральны шлях развіцця паэзіі сацыялістычнага рэалізму ў краіне.

Гісторыкі балгарскай літаратуры, даследуючы этапныя з'явы ў ёй, звычайна праводзяць прамую лінію ад «вяршыні» Смірненскага да «вяршыні» Вапцарава. Увогуле гэта несумненна так. Смірненскі і Вапцараў — самыя вялікія імёны на карце рэвалюцыйна-пралетарскай паэзіі Балгарыі. Творчасць Вапцарава — па духу, па ідэйнай сутнасці — гэта працяг па новым гістарычным этапе справы Смірненскага як натхняльніка рэвалюцыйнай барацьбы і палымянага абаронца Краіны Саветаў. Але Вапцараў — гэта і адзін з самых выдатных у маштабах Еўропы і ўсяго свету паэтаў-антыфашыстаў. І ў гэтым плане абавязкова трэба гаварыць аб такой жа прамой лініі Гео Мілеў — Вапцараў. Вяршынная з'ява ў антыфашысцкай паэзіі Балгарыі дваццатых гадоў — паэма «Верасень» Гео Мілева — таксама адзін з галоўных адпраўных пунктаў у ідэйна-творчым станаўленні Вапцарава.