Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 53

Ніл Гілевіч

Ён быў расстраляны фашыстамі як кіраўнік дыверсійна-падрыўной групы, член Ваеннай камісіі падпольнага ЦК Балгарскай камуністычнай партыі. Але можна ўпэўнена сцвярджаць, што не з меншай, а, можа, нават з большай лютасцю, чым над камуністам-падрыўніком, фашысцкія каты праглі ўчыніць крывавую расправу над камуністам-паэтам, чыя творчасць даўно ўжо была для іх страшней за кулю і бомбу. Страшней — таму што яна была чырвоным сцягам, пад які сходзіўся працоўны люд Балгарыі, таму што яна клікала да барацьбы і ўсяляла ў сэрцы змагароў веру ў перамогу.

І калі заўтра нас на смерць пагоняць, пад кулі нас патураць прымусова, то і дурному ясна, што сягоння павінны мы сваё сказаць ім слова.

І я кажу:

паколькі льём мы слёзы, а не алей на чорны хлеб,— цяпер у нас адзін непераможны лозунг: Далоў тэрор! Саюз з СССР!

Зразумела, што аўтару такіх вершаў разлічваць на літасць фашысцкага суда не прыходзілася. І Вапцараў не разлічваў. І ў сваім апошнім слове па судзе ні ў чым не раскаяўся. Смерць ён спаткаў спакойна і мужна, як належыць герою.

Пасля расстрэлу Федэрыка Гарсіі Лоркі — смерць Ніколы Вапцарава — самае подлае і чорнае забойства, з учыненых фашыстамі ў літаратуры, і самая цяжкая ахвяра, якую панесла Паэзія ў імя Перамогі над фашызмам.

У 1952 годзе ў Вене аўтарытэтнае журы пад старшынствам П'ера Кота прысудзіла Ніколу Вапцараву — нацыянальнаму герою Балгарыі — Ганаровую Міжнародную прэмію міра (пасмяротна). Сярод сямідзесяці двух кандыдатаў на гэтую прэмію журы выбрала яго. Гэтым самым у міжнародным маштабе былі прызнаны не толькі заслугі Вапцарава ў змаганні супроць фашызму, але і — перш за ўсё — агромністае значэнне ягонай паэзіі ў барацьбе за мір і дружбу паміж народамі на сучасным этапе.

Так, Вапцараў і сёння ў страі тых, хто змагаецца за Чалавека, за рэвалюцыйнае пераўтварэнне жыцця на асновах свабоды, роўнасці і брацтва. Ён і сёння з тымі, хто паўстае супроць сацыяльнага, нацыянальнага і ўсякага іншага прыгнёту, супроць духоўнага цемрашальства, супроць фашызму і вайны, хто знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы за мір, дэмакратыю і сацыялізм.