Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 52

Ніл Гілевіч

Наступнае больш грунтоўнае знаёмства з паэзіяй Вапцарава — ужо на яго роднай балгарскай мове, а затым і праца над перакладам яго вершаў на беларускую,— толькі ўмацавалі ўва мне тое першае ўражанне. Таму што яно не было памылковым, таму што сапраўды такой ступені духоўнай роднасці і еднасці з савецкай літаратурай да Вапцарава не ведала рэвалюцыйна-пралетарская паэзія ні ў адной краіне свету. У гэтых адносінах, на мой погляд, побач з Вапцаравым ніхто з яго сучаснікаў — вядомых і нават знакамітых паэтаў — стаць не можа. Думаю, што пры вытлумачэнні гэтага феномена неабходна ўлічваць, прынамсі, два фактары: па-першае, традыцыйнае пачуццё брацкай сімпатыі балгарскага народа да Расіі і, па-другое, наяўнасць моцнай рэвалюцыйнай плыні ў балгарскай паэзіі 20-30-х гадоў — дастаткова ўспомніць такія імёны, як Хрыста Смірненскі, Гео Мілеў, Хрыста Ясенаў, Дзімітр Палянаў, а затым — Хрыста Радзеўскі, Младэн Ісаеў, Людміл Стаянаў, Ангел Тодараў і іншыя старэйшыя таварышы Вапцарава.

Ціскі цэнзуры, вядома, не давалі паэту магчымасці зусім адкрыта абвяшчаць сваю партыйную платформу, выказваць сваё ідэйнае крэда, сваё камуністычнае верую, свае гарачыя сімпатыі да краіны Леніна, сваё захапленне пераможным будаўніцтвам новага грамадскага ладу ў СССР. Але, чытаючы яго вершы, усё гэта адчуваеш і знаходзіш адразу ж — у самім духу твораў, у іх пафасе. Словы іншы раз як быццам бы і не такія ўжо небяспечныя для ворагаў працоўнага народа, але пафас, пафас! — той унутраны нябачны агонь, што з агромністай, неўгамаванай энергіяй і сілай вырываўся з яго рытмаў і інтанацый і закідваў іскры любові і гневу ў сэрцы людскія. Гэты баявы, рэвалюцыйны пафас нараджаўся з глыбокай і непахіснай веры паэта — у яго вялікай, акрыленай і загартаванай бітвамі душы, і менавіта ён у першую чаргу забяспечваў Вапцараўскаму слову зайздросную жыццяздольнасць і даўгавечнасць. У ім перш за ўсё трэба шукаць адказ на пытанне, чаму паэзія Вапцарава і сёння займае такое вялікае месца ў духоўным жыцці нацыі і аказвае такі жыватворны ўплыў на ідэйна-мастацкае станаўленне новых пакаленняў паэтаў сацыялістычнай Балгарыі.

Гісторыя сусветнай літаратуры ведае нямала прыкладаў, калі сапраўднае значэнне і роля паэта вырысоўваліся толькі пасля яго смерці. Паэтычны лёс Ніколы Вапцарава належыць якраз да ліку гэткіх. Вапцараў прыняў смерць ад рукі фашысцкіх катаў, па сутнасці, у самым пачатку свайго творчага шляху, аўтарам адзінага зборніка вершаў «Песні матора». І чытачоў у яго было тады не так ужо многа. Некаторыя вершы, як, напрыклад, знакамітая «Сельская хроніка», наогул у друк не маглі трапіць і распаўсюджваліся ў рукапісу ў выглядзе лістоўкі. Надзвычайная сціпласць, калі хочаце — недаацэнка самога сябе як паэта адыгралі, трэба думаць, сваю пэўную ролю ў яго трагічным лёсе. Бо калі б яшчэ тады, пры жыцці аўтара, яго высокаталенавітая, яркая, наватарская паэзія атрымала больш-менш шырокае грамадскае прызнанне (а яна ж гэтага заслугоўвала!), калі б сам аўтар умеў і мог хоць бы трохі аб гэтым прызнанні паклапаціцца, а не трымаўся ў літаратурным асяроддзі больш чым сціпла,— хто ведае: можа быць, і абмінула б яго горкая доля! Можа быць, голас грамадскасці і паўплываў бы на зыход справы і не дапусціў бы расправы над вялікім мастаком, паколькі талент ёсць нацыянальнае багацце, а тым больш талент такога маштабу. Зрэшты, гэтыя думкі нараджаюцца хутчэй за ўсё толькі ў тайніках нашага непазбыўнага болю і горычы ад усведамлення вялікай, незваротнай страты, толькі таму, што мы ніколі не зможам змірыцца і дараваць гвалтоўнае забойства такога цудоўнага, светлага, такога чалавечнага таленту! Хутчэй за ўсё — ніякі голас абароны не адвёў бы крывавую руку катаў, бо фашызм і талент — паняцці несумяшчальныя. Як добра сказаў у адным са сваіх вершаў Любамір Леўчаў: «Талент — гэта Мамаеў курган, фашызм — гэта бяздарнасць».