Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 48

Ніл Гілевіч

Маякоўскі заўсёды гаварыў ад свайго імя — у яго толькі «я» (у лірыцы, зразумела). Калісьці не надта разумныя апаненты папракалі паэта за гэта «ячаства». Я выцягваю гэты момант з аналаў літаратурнай гісторыі толькі для таго, каб зрабіць адно павучальнае, на мой погляд, супастаўленне. Сёння таксама ў нас ёсць аўтары, якія больш за іншых гавораць ад свайго «я» (нібыта па прыкладу Маякоўскага). Але чаму ж «я» ў вялікага паэта Рэвалюцыі не «выпірае» і не выклікае ў нас непрыемнага пачуцця, а ў гэтых, сучасных — і выпірае і непрыемна ўражвае? Чаму, чытаючы іх вершы, іншы раз робіцца ажно неяк няёмка?

Справа, як мне думаецца, вось у чым. Калі гаварыў Маякоўскі, усім было бачна, што вялікі паэт гаворыць пра вялікае, пра ўсенароднае, і гэта вялікае, усенароднае — на першым плане. Уласна, другога плана і няма: аўтарскае «я» цалкам і поўнасцю зліваецца са зместам твора, яно неаддзельнае ад апошняга. Нідзе — позы і самалюбавання. У гэтых жа таварышаў часам у наяўнасці іменна два планы, і на першым — уласная персона. Выпінанне і падкрэсліванне аўтарскай прысутнасці і ўранавае непрыемна чытача. Аб чым бы ні гаварылася — нават пра з'явы трагічныя — перш за ўсё не забыць пра сябе, маўляў, глядзіце, гэта я гавару, гэта я пакутую, я асудяїаю. Але ж чытач не дурань, не прастак, ён бачыць і разумее, што самарысавацца нядобра. Нікому, вядома, не забараняецца, але — нядобра, непрыгожа. Не трэба, як гаварыў паэт, аглядвацца: «Изящно ли пляшу я?» У Маякоўскага гэтага не было. А ў сяго-таго з нашых сучаснікаў гэта, на жаль, ёсць. Гэтакае не аддрукаванае, не вымаўленае пытанне да чытача: «Ну, як? Які я? Малайчына, га?»

8

Чым вызначаецца месца і значэнне паэта ў гісторыі літаратуры? Пытанне занадта вялікае, і таму я адкажу на яго зусім коратка: яго ўплывам на літаратурны працэс (пры жыцці і доўга пасля смерці), на творчасць паэтаў (сваёй краіны і другіх краін, сучаснікаў і нашчадкаў), на духоўнае жыццё грамадства ў часе.

Уплыў Маякоўскага — ва ўсіх гэтых і іншых аспектах — велізарны. Буйнейшыя паэты нашага стагоддзя — усіх краін і мацерыкоў — адчулі дабратворнае ўздзеянне яго паэзіі на сваю творчасць. Хай нават некаторыя і не з'яўляліся яго вучнямі ў прамым сэнсе слова. Але тое, што яны чыталі Маякоўскага і што яго эстэтыка — эстэтыка пераўтвараючага свет рэвалюцыйнага мастацтва — стала іх эстэтыкай,— несумненна. Іржы Волькер і Вітэзслаў Незвал, Назым Хікмет і Пабла Нэруда, Уладзіслаў Бранеўскі і Юліан Тувім, Бэртальд Брэхт і Іяганес Бехер, Поль Элюар і Луі Арагон, Гео Мілеў, Хрыста Смірненскі і Нікола Вапцараў, як і многія-многія іншыя,— сябры і паплечнікі Маякоўскага. Кожны з іх паасобку — буйная, самастойная творчая асоба. Але Маякоўскі быў першы. Ён даў прыклад, як, абнаўляючы паэтычнае слова, сістэму вобразаў, рытм і інтанацыю, удзельнічаць зброяй паэзіі ў вялікім рэвалюцыйным абнаўленні свету. Справа ж не ў вонкавым падабенстве — справа ў сутнасці творчасці, у глыбока ўнутранай сувязі, якая аб'ядноўвае вялікіх паэтаў сучаснасці.