Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 46

Ніл Гілевіч

Дазволю сабе прывесці два выказванні паэта не ў вершах. Роўна за тры тыдні да трагічнай гібелі, на вечары, прысвечаным 20-годдзю творчасці паэта, Маякоўскі тлумачыў слухачам, якія задачы ставіў ён, арганізоўваючы сваю юбілейную выстаўку. «...Паказаць, што не тое што васьмігадзінны рабочы дзень, а шаспаццаці-васемнаццацігадзінны рабочы дзень характэрны для паэта, перад якім стаяць агромністыя задачы. (...) Паказаць, што нам адпачываць няма калі, але трэба з дня ў дзень не пакладаючы рук працаваць пяром». Другое выказванне Маякоўскага — гэта адна з аўтарскіх высноў з артыкула «Як рабіць вершы?». Падкрэсліваючы і завастраючы думку, што «паэзія — вытворчасць, найцяжэйшая, найскладаная, але вытворчасць», паэт зазначае: «Нават вопратка паэта, нават яго хатняя размова з жонкай павінна быць іншай, падпарадкаванай усёй яго паэтычнай вытворчасці».

Нават хатняя размова з жонкай...

Вось як глядзеў вялікі працаўнік пяра на адносіны паэта да сваёй працы. Усё, літаральна ўсё ў ім павінна быць падпарадкавана творчасці і працаваць на творчасць, на якасць верша. Бліскучы, павучальны прыклад гэтага — праца Маякоўскага над вершам «Сяргею Ясеніну», падрабязным чынам прааналізаваная ім самім у артыкуле «Як рабіць вершы?».

Кузьма Чорны, як вядома, любіў пры выпадку напамінаць калегам, што, не валодаючы выдатна мовай, нельга быць пісьменнікам. Па гэтаму пытанню Чорны і Маякоўскі былі самымі вернымі аднадумцамі. У вялікага рускага паэта можна знайсці мноства выказванняў, якія пацвярджаюць яго перакананне, што галоўнае для паэта — слова: пачуццё слова, пошукі слова, праца над словам. Яшчэ ў 1914 годзе зусім малады Маякоўскі, звяртаючыся да паэтаў-сучаснікаў, пісаў: «Паэзія, панове, не цёплая коўдра, сшытая з пятачковых шкуматоў фельетоннай думкі, не пішацца потам філолага, які вынасіў ва універсітэце ямбы. Паэзія — штодзённа па-новаму любімае слова».

Любіць, шукаць і знаходзіць слова паэт вучыўся «ў народа моватворцы».

Пуд, как говорится, соли столовой съешь и сотней папирос клуби, чтобы добыть драгоценное слово из артезианских людских глубин.

Адказваючы на пытанне, якія даныя неабходна мець для паэтычнай працы (артыкул «Як рабіць вершы?»), Маякоўскі пунктам трэцім піша: «Слова. Пастаяннае папаўненне хавальняў, кладовак вашага чэрапа патрэбнымі, выразнымі, рэдкімі, вынайдзенымі, абноўленымі, утворанымі і ўсякімі іншымі словамі».

Абыходжанне Маякоўскага са словам я ахарактарызаваў бы як бясстрашнае. Такое смелае і свабоднае абыходжанне, такое ўменне «выбіць» са слова патрэбнае адценне думкі і пачуцця, здабыць неабходную форму — уласціва аднаму толькі «народу-моватворцу».