Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 50

Ніл Гілевіч

Заўважым пры гэтым, што стварэнне прафесіянальнай савецкай песні ва ўмовах сацыялістычнага будаўніцтва было справай першаступеннай важнасці, таму што старая, традыцыйная песенная лірыка ўжо не магла цалкам задаволіць патрабаванні, якія вынікалі з новых задач ідэйна-эстэтычнага выхавання працоўных мас. Зразумела, што вялікія заслугі ў гэтых адносінах маюць і многія іншыя савецкія паэты (напрыклад, Суркоў, Лебедзеў-Кумач, Святлоў, Галодны, Гусеў, Фацьянаў, Ашанін, Матусоўскі, Дарызо, Малышка, Русак), але на першым месцы мы зноў жа павінны паставіць імя Ісакоўскага.

«Музычныя крылы» вершам Ісакоўскага далі такія выдатныя кампазітары, як Ул. Захараў, Д. Пакрас, М. Блантэр, В. Салаўёў-Сядой, Б. Макравусаў, І. Дунаеўскі. З неаднаразовых вусных і пісьмовых выступленняў паэта вядома, што спецыяльна песенных тэкстаў, гэта значыць тэкстаў да гатовай музыкі, ён амаль ніколі не пісаў — выключэнне тут могуць скласці толькі адзінкавыя выпадкі. Ісакоўскі пісаў і піша вершы, творы, якія могуць жыць самастойна, якім і без музыкі гарантаваны доўгі-доўгі век. Ну, а той факт, што амаль усе яго лепшыя вершы сталі народнымі песнямі, сведчыць толькі аб асаблівай прыродзе таленту і аб незвычайным майстэрстве паэта. Народнасць духу і зместу, высокая прастата, глыбокі лірызм, добразычлівая, душэўная ўсмешка, сюжэтнасць, зладжанасць кампазіцыі, напеўнасць і мілагучнасць радка — вось некаторыя якасці паэзіі Ісакоўскага, якія забяспечылі ёй жыццяздольнасць і поспех у чытача.

Праўда, многія яго вершы нам проста немагчыма ўявіць без музыкі, таму што мы ўспрынялі іх песнямі і надта моцна зжыліся з любімымі мелодыямі. І ўсё ж яго вершы — самі па сабе выдатная з'ява паэзіі. Я ўспамінаю, як моцна, да слёз, уразіў мяне калісьці верш Ісакоўскага «Враги сожгли родную хату». Думаю, што такое ўражанне ён зрабіў не толькі на мяне. Гэты верш за два дзесяткі гадоў набыў хрэстаматыйную папулярнасць, як адзін з самых лепшых твораў савецкай паэзіі аб вайне. Музыка ж да яго была напісана параўнаўча нядаўна — толькі ў 1961 годзе.