Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 49

Ніл Гілевіч

Беларускія літаратуразнаўцы, напрыклад, шмат гаварылі пра ўплыў Маякоўскага на творчасць Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, на маладога Аркадзя Куляшова. А бліжэй жа за ўсіх да Маякоўскага — я перакананы ў гэтым — Пімен Панчанка! Бліжэй — па грамадзянскаму тэмпераменту, па нянавісці да мяшчанства і абывацельшчыны, да паэтычнай мітусні,— гэта значыць, па вельмі істотным у сваёй творчасці, па ўнутраным, па тым, што вызначае ідэйна-эстэтычныя пазіцыі. Ды і па адносінах да слова, да будаўнічага матэрыялу паэзіі. Хіба ў каго-небудзь з беларускіх паэтаў знойдзем мы такое багацце рыфмы, як у Панчанкі, такую свежасць паэтычнай мовы?

Закончыць свае нататкі мне хочацца тым, з чаго і пачаў. Маякоўскі не любіў юбілеяў. Пакуль паэт жывы — ён павінен ісці наперад і наперад. Маленькую прадмову да свайго зборніка «Усё напісанае Уладзімірам Маякоўскім» (1919) ён назваў «Аматарам юбілеяў». У ім ён пісаў: «Пакідаю напісанае школам, адыходжу ад зробленага і, толькі пераступіўшы цераз сябе, выпушчу новую кнігу».

Запомнім і гэты ўрок вялікага паэта.

Маякоўскі — жывы. Ён — з намі. І з намі ідзе наперад — на працу і на змаганне.

1973

Народны паэт

Афіцыйна, указам урада, гэтая годнасць Міхаілу Васільевічу Ісакоўскаму ніколі не надавалася. І ўсё-такі ён сапраўды паэт народны — у самым высокім значэнні гэтага слова. Не толькі ў сённяшняй рускай, але і ва ўсёй савецкай паэзіі цяжка назваць другое імя, да якога азначэнне «народны паэт» дапасавалася б у такой меры, як да імя Ісакоўскага.

Так, Міхаіл Ісакоўскі — паэт народны, і перш за ўсё таму, што яго таленавітая творчасць вырастала і ўздымалася з глыбінь народнага духу, жывілася і жывіцца сокамі народнага жыцця, была і ёсць паэтычным увасабленнем вялікага гераічнага шляху Радзімы; яе «сурова-яснага і зайздроснага лёсу». Народны, бо яго паэзія чэрпала і чэрпае з жыватворных крыніц народнай мудрасці, з той шчодрай скарбніцы, якая належыць творчаму генію чалавека працы і складае аснову духоўнай культуры нацыі. Народны, бо ўсё лепшае ў яго творчасці,— ад народа: і характар героя — чалавечны, высакародны, мужны, і выхапленыя непасрэдна з народнага жыцця сюжэты, і дасціпны, тонкі і светлы гумар, і па-народнаму афарыстычная, багатая, жывая і паўнагучная мова.

Кожны паэт па-свойму ўяўляе сабе паэтычнае шчасце, і ў кожнага яно, напэўна, сваё — як і свой лёс, свая дарога. Цяжка сказаць, што гэта такое — шчасце паэта, але хочацца думаць, што Міхаіл Ісакоўскі, азіраючыся сёння на пройдзенае, можа прызнацца, што ён гэтае шчасце спазнаў. Бо хіба ж не ёсць шчасце ведаць, што твая песня патрэбна людзям — ды не сотням, і нават не тысячам, а мільёнам, што яна дасягнула самых далёкіх куткоў і закутачкаў Радзімы і ўжо не аднаму пакаленню дапамагае жыць і змагацца, будаваць і тварыць?!

Паспрабуйце прыгадаць самыя любімыя ў народзе песні перадваеннай, ваеннай і пасляваеннай пары, і калі прыгадаеце, то нават будучы дасведчанымі ў галіне песеннай паэзіі, вы здзівіцеся, убачыўшы, колькі ж зрабіў для росквіту роднай песні гэты сціплы чалавек і цудоўны паэт зямлі рускай. «Вдоль деревни от избы и до избы», «Прощание» («Дан приказ: ему на запад...»), «Провожанье» («Дайте в руки мне гармонь»), «И кто его знает», «Катюша», «До свиданья, города и хаты», «Ой, туманы мои, растуманы», «В прифронтовом лесу», «Огонек», «Лучше нету того цвету», «Где ж вы, где ж вы, очи карие», «Враги сожгли родную хату», «Снова замерло все до рассвета», «В поле» («Мне хорошо, колосья раздвигая»), «Летят перелетные птицы», «Ой цветет калина»... Гэта — толькі некаторыя з тых, пра якія мона пэўна сказаць, што яны ўвайшлі ў залаты фонд нашай песеннай класікі, бо яны ўвайшлі ў душу і сэрца народа, у яго жыццё і побыт, увайшлі так глыбока і трывала, як можа ўвайсці толькі песня, створаная геніем самога народа. А яшчэ ж ёсць і «Любушка» («Понапрасну травушка измята»), і «Шел со службы пограничник», і «Колыбельная» («Месяц над нашею крышею светит»), і «На горе белым-бела...», «Девичья песня» («Не тревожь ты себя, не тревожь»), і «Живет у нас в поселке», і «Услышь меня, хорошая», і «По росистой луговой», і «Мы с тобою не дружили», і «Черемуха», і дзесяткі іншых, якія разам узятыя складаюць цэлы том цудоўнай песеннай лірыкі. Хто яшчэ з рускіх паэтаў мог або можа пахваліцца, што столькі яго вершаў сталі ўсенародна вядомымі і любімымі песнямі? Ніхто. Гісторыя рускай паэзіі такіх не знала.