Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 47

Ніл Гілевіч

Дарэчы, аб адносінах Маякоўскага да народнай паэтычнай творчасці. Зыходзячы з таго, што Маякоўскі — паэт-наватар, буйнейшы рэфарматар верша і паэтычнай мовы, многія з тых, што пісалі пра яго, або ўвогуле замоўчваюць гэта пытанне (а гэта ўясо адносіны і ацэнка), або напамінаюць, што паэт іранізаваў над «плоскасцю раешнікаў і ерундой частушак». Такое разуменне праблемы Маякоўскі і народная творчасць аддае невуцтвам, яно ідзе ад літаратурнай паўпісьменнасці, ад людзей, якія дрэнна ведаюць і творчасць паэта і фальклор. Па-першае, фальклор, хоць і традыцыйная творчасць, аднак не застылае, не мёртвае штосьці, гэта вечна жывы працэс выпрацоўкі мастацкай мовы. Па-другое, Маякоўскі добра ведаў вопыт народнай мастацкай творчасці і выдатна выкарыстоўваў яго. Адзін толькі прыклад (з дзвюма ілюстрацыямі): «ощетинив щетину, выперев перья, с отчаянным любопытством висят на окошке»; «Под Марксом, в кресло вкресленный, с высоким окладом, высок и гладок, сидит облеченный ответственный». Дасведчаныя ў фальклоры ведаюць, што выдзеленыя мной таўталагічныя ўтварэнні Маякоўскага — вельмі і вельмі распаўсюджаны ў вуснай народнай паэзіі прыём.

Што ж датычыць «раешнікаў і частушак», паэт меў на ўвазе зусім не народную творчасць: тады, у 20-я гады, форму гэтых фальклорных жанраў вельмі старанна эксплуатавалі паэтычныя графаманы. Асабістыя адносіны Маякоўскага да сапраўды народных частушак зусім іншыя. У артыкуле «Збірайце гісторыю» (звярніце ўвагу, да чаго заклікае паэт-наватар, былы футурыст!) Маякоўскі пісаў: «...нават каравае і непісьменнае (якія-небудзь салдацкія частушкі) у многа разоў цікавей любой напышлівай белетрыстыкі літаратурных беларучак...»

Яшчэ ў самым пачатку творчага шляху Маякоўскі зрабіў стаўку на ўзбагачэнне сваёй паэтычнай мовы «каравай мовай вуліцы». Ён з'ездліва іранізаваў над ахоўнікамі якойсьці нібыта спецыяльнай мовы паэзіі. «Конь — изысканно, лошадь — буднично. Количество слов «поэтических» ничтожно. «Соловей» можно — «форсунка» нельзя». Для Маякоўскага непаэтычных, забароненых да ўжывання ў вершах слоў не было. Ды такіх слоў у нацыянальнай мове і сапраўды няма. Трэба толькі ведаць і адчуваць, дзе якое слова можна ўставіць.

Спытаем сябе: а ці дастаткова мы ўнушаем сёння паэтычнай моладзі гэту ісціну? Ці не раздражняюць нас патокі вершаў, у якіх адны «салаўі» і ніводнай «фарсункі»?

Маякоўскі не мог цярпець беднасці і недакладнасці паэтычнай мовы, безадказных адносін да карыстання словамі. З падобных вершатворцаў ён проста здзекаваўся:

Бумаги гладь облевывая пером, концом губы — поэт, как б... рублевая, живет с словцом любым.

Каб закончыць размову і пра гэты ўрок Маякоўскага — яшчэ адно яго выказванне: «Іншаземшчына з падручнікаў, агідная бязвобразнасць да гэтага часу псуе мову, якой мы пішам. А ў гэты час паэты і пісьменнікі, замест таго каб кіраваць мовай, забраліся ў такія захмарныя высі, што іх і за хвост не выцягнеш». Звяртаю ўвагу на падкрэсленыя словы. Думка Маякоўскага зусім ясная: мовай павінны кіраваць паэты і пісьменнікі. Бо яны надзелены самым тонкім адчуваннем мовы і слова. Ці заўсёды лічацца з гэтым вучоныя-мовазнаўцы, дыктуючы і прадпісваючы, што дазволена, а што не дазволена, як можна, а як нельга?