Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 44

Ніл Гілевіч

Бадай, няма такой катэгорыі адмоўных тыпаў, па якой бы не нанёс адчувальны ўдар паэт. Адна з вызначальных рыс Маякоўскага-сатырыка заключаецца ў тым, што ён не толькі абуджае ў чалавеку агіду да паказаных заган, але і талкова, як разумны лектар, тлумачыць іх сацыяльную сутнасць і вучыць, як ад іх пазбаўляцца.

У прадмове да зборніка вершаў «Маякоўскі ўсміхаецца, Маякоўскі смяецца, Маякоўскі здзекуецца» (1923), жартоўна названым «предиполсловием», паэт пісаў: «Трэба ўзброіцца сатырычнымі ведамі. Я перакананы — у будучых школах сатыру будуць выкладаць побач з арыфметыкай, і з не меншым поспехам». Вядома, у нашых школах такая дысцыпліна, як сатыра, не выкладаецца, але ўрокі Маякоўскага па гэтаму прадмету ўсім нам варта было б наведваць як мага часцей.

6

У апошнія гады неаднойчы даводзілася мне чуць думку, што Маякоўскі па самой сутнасці сваёй быў паэт трагічны. З гэтым пагадзіцца нельга. Трагічна абарвалася жыццё Маякоўскага — але гэта іншае пытанне, з якога не варта рабіць спрошчаных высноў. Па характару светаадчування і светаўспрыняцця трагічным паэтам Маякоўскі не быў. Аб трагічным у яго творчасці можна гаварыць толькі датуль, дакуль ён як вялікі паэт адлюстраваў у сваіх вершах і паэмах трагічныя супярэчнасці часу, асобы і грамадства. Але ў такім сэнсе — які сапраўды вялікі мастак не трагічны? Калі ён вастрэй за сваіх сучаснікаў бачыць, глыбей адчувае, ясней разумее,— ці можа яго сэрца не адзывацца невымерным болем, калі свет і душу чалавечую раздзіраюць найжорсткія супярэчнасці? У такі час не зможа падняцца да трагічнага гучання толькі бяздумны складальнік «сцішкоў» — той, што пяе, як салавей,— заплюшчыўшы вочы.

А Маякоўскі — падымаўся. Таму што яму вельмі балела. Таму што яго празмерна ўспрымальную і лёгка ранімую душу, яго гіпертрафіравана вялікае сумленне разрывалі і мучылі мукі. І тады — скрозь нянавісць і гнеў, скрозь іронію і смех — прарываўся голас усёабдымнага, усечалавечага болю. У вершаванай трагедыі «Уладзімір Маякоўскі», напісанай паэтам у дваццацігадовым узросце, Стары з кошкамі гаворыць аўтару:

Зачем мудрецам погремушек потеха? Я — тысячелетний старик. И — вижу в тебе на кресте из смеха распят замученный крик.

Прыкладна гэта ж самае годам пазней паўторыць паэт у вершы «А ўсё-такі»:

Людям страшно — у меня изо рта шевелит ногами непрожеванный крик.

Так, многае мучыла вялікага паэта: і агіднасці жыцця, і подласць людзей, і без узаемнасці каханне. Але ён быў вялікі і таму гаварыў: «Но мне — люди, и те, что обидели — вы мне всего дороже и ближе». У свеце несправядлівым, варожым, няўтульным душы высокай, чыстай, даверлівай — вельмі неспакойна, вельмі трывожна.

Послушайте! Ведь, если звезды зажигают — значит — это кому-нибудь нужно? Значит — это необходимо, чтобы каждый вечер над крышами загоралась хоть одна звезда?!