Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 43

Ніл Гілевіч

Натуральна, што вельмі моцную сатырычную афарбоўку маюць антымілітарысцкія вершы і паэмы Маякоўскага, напісаныя ім у гады першай сусветнай вайны. Забойчыя характарыстыкі крыважэрных паноў імперыялістаў і да сёння зусім не ўстарэлі — яны цалкам прыдатныя да сучасных майстроў бесцырымонна-цынічнага гвалту і разбою, якія прагнуць «выпарыць чалавецтва крывавай лазняй». Не ўстарэла і характарыстыка «масамясай, быкамордай зграі» — сытага, тупога і жорсткага буржуазна-мяшанскага натоўпу, гатовага пайсці за новаяўленымі фюрэрамі на новы перадзел свету.

Зброяй сатыры змагаўся Маякоўскі і пасля перамогі Кастрычніка — ужо супроць тых, хто хацеў стрымаць і запыніць поступ сацыялістычнага абнаўлення, павярнуць рух Рэвалюцыі назад, хто проста замінаў і перашкаджаў станаўленню і самасцвярджэнню новага грамадства, сцвярджэнню новых, камуністычных ідэй і новай, камуністычнай маралі.

Оружия любимейшего род, готовая рвануться в гике, застыла кавалерия острот, поднявши рифм отточенные пики.

На «завостраныя пікі» сатыры паэт падымаў не толькі Лойд-Джорджаў і Вільсанаў Вудро, што праглі задушыць маладую Савецкую Рэспубліку. Гэтымі ж «пікамі» ён пранізваў бюракратыю і фанабэрыю, хабарніцтва і зладзейства. Гэтай жа зброяй ён змагаўся з п'янствам і нядбальствам, з хуліганствам і прастытуцыяй. Дзесяткі і дзесяткі вершаў, якімі ён прыпякае, паліць і выпальвае смуродныя язвы на целе маладога арганізма, якія дасталіся яму ў спадчыну ад старога грамадства. Вось характарыстыка вузкалобага служакі, прыстасаванца, у якога «на сценцы дэкарацыяй Карлы-марлы барада»:

Коммунизм по книге сдав, перевызубривши «измы», он покончил навсегда с мыслями о коммунизме. Что заглядывать далече? Циркуляр сиди и жди. — Нам, мол, с вами думать неча, если думают вожди.

А вось характарыстыка начальніка-слупа, які «ничтоже сумняшеся» лічыць, што крытыка яго персоны ні больш ні менш як падарве дзяржаўныя апоры:

Кого критикуют? — вопит, возомня, аж голос визжит тенорком.— Вчера — Иванова, сегодня — меня, а завтра — Совнарком!

Усе мы помнім, як трапна і з'едліва высмеяў Маякоўскі бюракратычныя метады кіраўніцтва ў вершы «Празасяданыя» (не выпадкова яго заўважыў Уладзімір Ільіч Ленін). Я хацеў бы прывесці некалькі радкоў з другога аптыбюракратычнага верша паэта, у якіх ён стварае здзекліва-фантастычную карціну таго, да чаго можа прывесці празмернае захапленне папяровым рашэннем спраў.

Скоро люди на жительство влезут в портфели, а бумаги — наши квартиры займут. Вижу в будущем — не вымыслы мои: рупоры бумаг орут об этом громко нам — будет за столом бумага пить чай, человечек под столом валяться скомканным.

Гэтак жа дасціпна і афарыстычна трапна вызначае Маякоўскі многія іншыя, вартыя асмяяння, з'явы, асобы, характары. Напрыклад, моднікаў: «В моде в каждой так положено, что нельзя без пуговицы, а без головы можно». Канцылярыста, для якога «ни восход, ни закат, а даже солнце — входящее и исходящее». Угоднікаў і кар'ерыстаў з ліку дзеячаў мастацтва: «Небось не напишут мой портрет,— не трут понапрасну кисти. Ведь тоже лицо как будто,— ан нет, рисуют кто поцекистей».