Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 42

Ніл Гілевіч

Крыху менш вядомы нашаму ўсесаюзнаму чытачу Маякоўскі ў сваёй другой творчай іпастасі — сатырычнай. А між тым, Маякоўскі — адзін з буйнейшых, калі не самы буйны паэт-сатырык 20-га стагоддзя. Ва ўсякім выпадку, нам невядома іншая постаць, якую б у гэтых адносінах можна было паставіць побач з ім.

Сатырыкам у нас нярэдка ахрышчваюць іншага творцу зусім беспадстаўна: толькі таму, што ён піша злосныя публіцыстычныя вершы (асабліва на актуальныя тэмы ўнутранага і міжнароднага жыцця). Але злосць, абурэнне, гнеў і іншыя пачуцці гэтага шэрагу — самі па сабе яшчэ не сатыра. Яны толькі могуць быць эмацыянальным вытокам для сатырычнай творчасці, зрэшты, зусім гэтак жа — і для лірыка-публіцыстычнай (успомнім, з якім лютым абурэннем напісаны лермантаўскі «На смерць паэта» — верш востра выкрывальны, але не сатырычны). Сатыра як від слоўнай творчасці мае сваю асаблівую прыроду, свой асаблівы погляд і падыход да з'яў рэчаіснасці, свой асобы ключ да раскрыцця чалавечых характараў і ўзаемаадносін. Зброя сатыры — смех, смех з'едлівы, здзеклівы, бязлітасны. Іронія і сарказм, шарж, карыкатура і гратэск — тыя прыёмы, спосабы і формы, у якіх смех рэалізуецца.

Маякоўскі — сатырык па прыродзе. Ён і пачынаў як сатырык. Сярод яго самых ранніх вершаў — наскрозь іранічныя гімны: «Гімн вучонаму», «Гімн крытыку», «Гімн здароўю», «Гімн абеду», «Гімн хабару», у якіх створаны вельмі выразныя і вельмі мярзотныя тыпы. Сіла сатырычнага абагульнення ў іх агромністая.

Желудок в панаме! Тебя ль заразят величием смерти для новой эры?! Желудку ничем болеть нельзя, кроме аннендицита и холеры! Пусть в сале совсем потонут зрачки — все равно их зря отец твой выделал; на слепую кишку хоть одень очки, кишка все равно ничего б не видела.

Гэта — з гімна абеду. Агідная і шкодная сутнасць такога скацінападобнага тыпа, яго арганічная варожасць маральнаму, духоўнаму пачатку ў чалавеку вельмі хораша падкрэслена ў перадапошняй страфе верша.

Если взрежется последняя шея бычья и злак последний с камня серого, ты, верный раб твоего обычая, из звезд сфабрикуешь консервы.

Яркія сатырычныя партрэты і характарыстыкі сустракаюцца і ў многіх іншых выкрывальных вершах паэта, якія цалкам магчыма і не палепшаць да «чыстай» сатыры. Вось, напрыклад, яшчэ адзін тын, сваяк толькі што прадстаўленаму (верш «Апрыкрыла») :

Вижу, вправо немножко, неведомое ни на суше, ни в пучине вод, старательно работает над телячьей ножкой загадочнейшее существо. Глядишь и не знаешь: ест или не ест он. Глядишь и не знаешь: дышит или не дышит он. Два аршина безлицого розоватого теста: Хоть бы метка была в уголочке вышита.