Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 30

Ніл Гілевіч

Вось куды завядзе нас логіка іроніі ў адносінах да свяшчэнных сімвалаў!

Карацей — пазіцыя «позорного благоразумия», калі нават яе пазваць як-небудзь прыгожа, не можа быць ідэйна-маральнай пазіцыяй нашай літаратуры. Высокія сімвалы павінны заставацца высокімі. Іначай на чым жа выхоўваць моладзь? На чым вучыць патрыятызму? Грамадзянскай доблесці? Проста — высакароднасці? Хіба яны пярэчаць жыццёвай праўдзе і гуманістычнаму пафасу мастацкага твора? Навошта ж — у імя якой канцэптуальнай шырыні? — патрэбны гэтыя спробы пераацэнкі таго, што па праву ўвайшло ў залаты фонд савецкай паэтычнай класікі і стала гордасцю краснага пісьменства нацыі?

«Шторм дзесяцібальны»

Вершы А. Куляшова 60-х гадоў, асабліва яго вядомыя шаснаццацірадкоўі, крытыка нярэдка залічвае да так званай філасофскай лірыкі, адзначаючы пры гэтым іх медытатыўны характар, рацыяналістычную разважлівасць, інтанацыйна спакойнае, ураўнаважанае гучанне радка. У цэлым класіфікацыя, відаць, справядлівая, і ўсё-такі спакой гэтых вершаў — прывідны, спадманны. Рэч у тым, што які б там ні было спакой — нават калі мы і назавём яго філасофскім,— ніколі не быў уласцівы паэзіі А. Куляшова наогул. Пра які спакой, пра які празмерны рацыяналізм яго верша можна гаварыць, помнячы хаця б сабе вось гэтыя радкі з менавіта азначанага перыяду творчасці:

Ты не лаві мой позірк развітальны, Расчулены, дарэмных слёз не лі — Яшчэ не скора шторм дзесяцібальны Мяне насіць пакіне па зямлі.

Яго пачуцці, яго перажыванні вымяраліся іменна «дзесяцібальнай», найвышэйшай рыскай-адметкай на шкале чалавечых хваляванняў. У яго неўтаймоўным, непадлеглым супачыну сэрцы няспынна клапатаў вулкан пачуццяў. Толькі не здольныя пранікнуць за абалонку паэтычнага слова могуць не адчуць у вершах, пра якія ідзе размова, агромністай эмацыянальнай палымянасці іх аўтара, незвычайнай інтэнсіўнасці яго душэўнага гарэння. Справядлівасць гэтага сцверджання хачу засведчыць невялікім вершам з кола той тэматыкі, на якую звычайна амаль не звяртаецца ўвага ў размовах аб паэзіі А. Куляшова. («Дзіва што: гэтакі высокаідэйны паэт-грамадзянін і раптам — такі незасцярожаны, непрыхаваны інтым!)

Мне сніўся сон: ты адляцела ў вечнасць І зоркай там зрабілася між зор. А я, душы і цела супярэчнасць, Жыву — не звар'яцеў і не памёр. Штовечар сэрца ходзіць на спатканні, Насунуўшы на вочы капялюш. Прызнацца хоча некаму ў каханні, Ратуючыся ад пакутных сцюж. Але ні косам, ні сукенцы белай Не аддае сардэчнай цеплыні, А ўсё глядзіць з тугой незразумелай На зорныя халодныя агні. І ўсё яму сустрэч таемных мала, І не хапае для вачэй святла. Чаму, калі зямлю ты пакідала, Яго ў свае ўладанні не ўзяла?

Так, вонкава нібыта спакойна, але калі ўчытацца глыбока і не вачыма, а сэрцам — для нас адкрыецца сапраўдная трагедыя аднаго з самых высокіх і прыгожых чалавечых пачуццяў, і мы будзем вымушаны прызнаць, што гэтакай сілы вершаў аб каханні на свеце не так і многа. І калі б мне давялося складаць анталогію сусветнай любоўнай лірыкі — у ліку першых я паставіў бы гэты лірычны шэдэўр. Сам не ведаю чаму, але колькі яго ні перачытваю — сэрца кожны раз сціскаецца ад болю.