Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 32

Ніл Гілевіч

Разумею, што і самы падзел і ўсе гэтыя вызначэнні — адносныя і, напэўна, могуць быць удакладнены або аспрэчаны. Аднак жа і пры гэтай агаворцы агульная карціна, мне думаецца, не можа не ўразіць: якое багацце эпічных, ліра-эпічных і лірычных тайоў і фарбаў, якая неспатольная прага наватарства! І зноў жа я вымушаны нагадаць, што падобная здольнасць пераключацца на ўсе магчымыя эмацыянальна-псіхалагічныя рэгістры чалавечай душы, пераўвасабляцца і перасатвараць сябе нанова і нанова — у адпаведнасці з ідэйна-эстэтычнымі вымогамі часу, асвойваць раней не знаёмыя мацерыкі рэчаіснасці кожны раз у новым творчым плане, адмыкаць вечныя загадкі ясыцця кожны раз новым ключом,— гэта ёсць здольнасць паэтаў вялікіх. Думаю, што спасылацца на імёны не трэба — чытач можа лёгка назваць іх сам.

«І ёсць адказнасць перад строгім вершам»

Майстэрства Куляшова ў працы над паэтычным радком і словам, над страфой і агульнай архітэктонікай твора — прадмет, варты не толькі захаплення, але і самага пільнага даследавання. Неацэнную творчую школу прайшоў бы той пачатковец, які даў бы сабе клопат грунтоўна такім даследаваннем заняцца. Для яго адкрылася б зайздроснае ўменне паэта скандэнсоўваць думку і пачуццё, выказваць іх афарыстычна сцісла і дакладна. Для яго адкрыліся б сакрэты лірычнай кампазіцыі — той цэласнасці і завершанасці, суразмернасці і гармоніі, якою нас захапляюць і зачароўваюць вершы паэта. Для яго стала б ясным і зразумелым, што значыць сапраўдная культура паэтычнага радка — калі ў ім усё на месцы і ўсё трывалае, нішто не выпірае і нідзе не расхлябана, ні слова выпадковага або лішняга, ніякага Піліпа з канапель або серады з-пад пятніцы! І стала б ясным, што значыць сапраўдны мастацкі густ і адчуванне слова: ніякай моўнай эквілібрыстыкі, ніякага захаплення гульнёй у рыфму і эўфанічныя каламбуры, ніякіх вершаваных рэбусаў і фокусаў! Шчыра кажучы, немагчыма і ўявіць, каб паэт такога таленту мог захварэць па падобныя захапленні. Яму на гэта проста «не хапала часу», які заўсёды і да астатку паглыналі клопаты і справы куды больш важныя. Прыродная мудрасць і розум падказвалі яму, што сапраўдная паэзія пачынаецца з захаплення і апантанасці якой-небудзь значнай гуманістычнай ідэяй, а ўсякая штукарская гульня са словам ёсць захапленне зусім іншага роду. Нарэшце, вялікія таму і становяцца вялікімі, што ў іх большае, непараўнана большае, чым у іншых, пачуццё адказнасці перад людзьмі і ўласным сумленнем, а для паэта гэта значыць — перад уласным творам.

І ёсць адказнасць перад строгім вершам, Перад яго пачаткам і канцом...

З такой жа адказнасцю, як да ўласнага верша, ставіўся Куляшоў і да сваёй працы ў галіне мастацкага перакладу. І таму, вяртаючыся ў думках да пачаткоўца, якога чакае вучоба ў майстэрні вялікага паэта, я хацеў бы шчыра і горача параіць яму заадно з арыгінальнымі творамі даследаваць паэтычныя пераклады Куляшова — вершы і паэмы Пушкіна, Лермантава, Лангфела, Катлярэўскага, Ясеніна, Гамзатава, Малышкі і іншых. У іх асабліва добра відно, як ён шукаў і знаходзіў самае дакладнае, адзіна прыдатнае, незаменнае слова, як ён біўся ў пошуках найбольш правільнага вобразнага ці кампазіцыйнага рашэння, каб пераклад быў на ўзроўні арыгінала.