Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 31

Ніл Гілевіч

Лірык, эпік, драматург

Аркадзь Куляшоў — паэт незвычайна шырокага творчага дыяпазону, што выявілася як у агромністым багацці ідэй, тэм і вобразаў, так і ў здзіўляючай жанравай разнастайнасці яго мастацкага плёну. Ні адзін з родаў паэзіі не застаўся ім пакрыўджаны: лірык у ім дружалюбна суіснуе з эпікам, абое разам — з драматургам.

Лірыка А. Куляшова ў сваю чаргу таксама жанрава вельмі разнапланавая. У ёй — і такія згусткі эмоцый інтымнага характару, як знакамітая «Алеся» («Бывай...»), што праз сорак гадоў пасля паяўлення на свет стала ўсенародна любімай песняй; і такія ўзоры высокапаэтычнай публіцыстыкі, як «Слова да Аб'яднаных Нацый» і «Камуністы»; і такія медытатыўна-філасофскія роздумы, як цыкл «Снапы», які па заглыбленасці ў вечныя і ў самыя надзённыя праблемы чалавечага жыцця-быцця бадай што не мае аналога ў савецкай паэзіі 60-х гадоў. (Прызнаюся, што калі я ўпершыню чытаў гэты цыкл, я не мог вызваліцца ад асацыяцый з тым уражаннем, што некалі зрабілі на мяне санеты Шэкспіра.) І нарэшце — такі характэрны для Куляшова лірычны верш апавядальна-сюжэтнай структуры, з рэальна-канкрэтнай падзейнай асновай («На сотай вярсце», «Глушцы», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай» і інш.). Уласна кажучы, творы гэтага плану стаяць на ўзмежжы лірыкі і эпасу, некаторыя з іх было б справядліва лічыць лірычнымі апавяданнямі. На гэтым жа ўзмежжы, хаця і з большым ухілам у эпіку, знаходзяцца хрэстаматыйна вядомыя балады Куляшова — «Камсамольскі білет», «Маці», «Балада аб чатырох заложніках» і інш.

З другога боку выразна адчувальнай лірычнасцю пазначаны многія паэмы А. Куляшова, які ў гэтым жанры з'яўляецца непераўзыдзеным у беларускай літаратуры майстрам. У некаторых з іх лірычны пачатак настолькі моцны, што іменна ён вызначыў іх сапраўдную жывую душу. Увогуле ж разабрацца ў паэмнай гаспадарцы Куляшова зусім не проста, і нашых літаратуразнаўцаў тут чакае вялікая работа.

Справа ў тым, што амаль ні адна з яго васемнаццаці паэм сваёй жанрава-стылёвай характарыстыкай не паўтарае другую. Вось ужо дзе сапраўды: пастаяннае — толькі пошук, толькі прага творчасці, а ўсё іншае — у няспынным абнаўленні. Строга эпічная, класічнага ўзору, паэма «Антон Шандабыла», рамантычна-ўзнёслая паэма-песня «У зялёнай дуброве», лірыка-публіцыстычная паэма-араторыя «Хлопцы апошняй вайны», гераічная паэма «Песня аб слаўным паходзе», народная паэма-трагедыя «Сцяг брыгады», паэма-казка «Прыгоды цымбал», паэма-легенда «Перамога», паэма-аповесць «Новае рэчышча», ліра-эпічная паэма «Толькі ўперад», вершаваная хроніка з дзвюх аповесцей «Грозная пушча», філасофская паэма «Цунамі», паэма-біяграфія «Далёка да акіяна», лірычная паэма-споведзь «Варшаўскі шлях». І нарэшце — гістарычная драма ў вершах «Хамуціус».