Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 28

Ніл Гілевіч

Я ўпарты, не кіну пачатае справы, Каменне крышу, Разграбаю пяскі, Пад кпіны аматараў лёгкае славы Капаю рэчышча ўласнай ракі. З надзеяй гляджу па крыніцу спатканую, Хачу, каб яна разлілася ракой... Не Волгай магутнай, Не нават Камаю, Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй. Бо прагай да працы ахоплены часта я, І сэрца абпалена смагай радка, Бо жыць не магу, Як каня няшчасная, Кропляй дажджу з лесавога лістка.

Вось маштаб і мерка патрабавальнасці да сябе, да сваіх пачуццяў і дум, да сваёй працы,— маштаб і мерка, ад якіх на іншыя, больш дробныя і мізэрныя, ён ужо не перайшоў ніколі! Вось уяўленне аб сваёй жыццёвай і творчай пазіцыі, аб сваім чалавечым і пісьменніцкім абавязку! Таму і здзіўляюць і ўражваюць нас у яго кожнай кнізе волатаўскі размах і маштабнасць псіхалагічных, сацыяльных і палітычных метафар, смеласць яго паэтычных параўнанняў і гіпербал. «Мне ў рукі лёс не шпагу даў, не лук, а ўсю Зямлю, з арэнай — Млечным Шляхам. Качу яе, падобную на мяч, ахопленую вадародным жахам, як хворую, загортваю ў кумач...» Якая грандыёзная і ў той жа час натуральная і дакладная метафара: іменна чырвоны сцяг камунізма здольны вылечыць, выратаваць чалавецтва ад пагібелі! Яшчэ адзін прыклад — з вepшą пра паэта, што нарадзіўся каля Свіцязі і быў вымушаны назаўсёды расстацца з каханай Марыляй: «А ён упаў, няшчасны, з яе вянком у пыл. А як устаў з дарогі, то быў чарней ад хмар — на лес падобны быў ён, якім прайшоў пажар». Хто хоць аднойчы бачыў гарэлы лес адразу ж пасля пажару, той ацэніць гэты вобраз і пагодзіцца, што цяжка знайсці больш трапнае і больш яркае параўнанне для непапраўнага чалавечага гора.

Гіпербалічнасць метафар і іншых паэтычных тропаў, якія пры гэтым не трацяць арганічнасці і эстэтычнай мэтазгоднасці,— адна з характэрных і зайздросных рыс куляшоўскага почырку, дакладная выява яго магутнай і няўрымснай паэтычнай натуры.

З гадамі, чым далей адыходзіла вясна маладосці, тым усё часцей задумваецца паэт над сваім уласным творчым лёсам, над пройдзеным і перажытым, над здзейсненым і тым, што яшчэ хацеў бы здзейсніць. Роздуму вымагалі і гістарычнага значэння падзеі ў грамадска-палітычным жыцці краіны канца 50 — пачатку 60-х гадоў. Менавіта ў гэты перыяд, як ніколі раней часта, Аркадзь Куляшоў спрабуе сфармуляваць сваё творчае крэда, з усёй яснасцю і катэгарычнасцю выказаць сваё разуменне грамадзянскага абавязку паэта. Хачу папрасіць чытача прайсціся ўдумлівым вокам па радках, выбраных мною з кнігі «Сасна і бяроза».

Ні перад злом, ні перад крывадушным Сцяг белы я ніколі не ўзніму. Я сам сябе гатоў хутчэй навесіць, Чым існаваць для непатрэбных спраў. Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам – Гарэць агнём, якога ўжо нямаш. Таварыш соснам, караедам вораг, Мой верш, як дзяцел, зранку па нагах... А колькі вандраваць яму, каб словам Боль загаіць людскі, хаця б адзін? Нашто мне зрок, навошта гучны крок, Хвілін імклівасць, цішыні хвіліны. Турботы дня, апошнія навіны, Крывёй не перагнаныя ў радок? Я на ўсё жыццё абраў дарогу, На якой калючак больш, чым руж.