Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 29

Ніл Гілевіч

Як бачым, усё тая ж, знаёмая нам і па юнацкіх вершах і па творчасці часоў вайны, пазіцыя: безаглядная вернасць аднойчы абранаму шляху, бескампраміснасць думкі і слова, поўная, да астатку, самааддача ў працы над радком. Без творчасці, без штодзённага служэння словам народу, людзям — няма для паэта сэнсу існаваць і жыць. А творчасць — гэта гіганцкая, знясіляючая, калі хочаце, катаржная праца («я — вязень твой, а ты — мая турма»), гэта — гранічнае напружанне і перанапружанне душэўных сіл, гэта нямногім даступная апантанасць пошуку і захаплення.

Крыху палемікі

У размовах аб найбольш выдатнай паэме А. Куляшова «Сцяг брыгады» ўжо неаднойчы прагучаў закід, што гэтаму твору шкодзіць абмежаванасць мастацкай канцэпцыі, што ў ім перабольшана значэнне фармальна-сімвалічнага пачатку. А таму сёння, ацэньваючы паэму, трэба, маўляў, рабіць пэўную скідку — на час, калі яна стваралася, на грамадска-палітычныя ўмовы і г. д. Адным словам — сёе-тое прабачым і даруем. Штосьці ў гэтых разважаннях, мне здаецца, ёсць несправядлівае. «Сцяг брыгады» сёння патрабуе нейкае скідкі? Крыху прабачлівага падыходу? Няўжо? Хіба ўжо гэта больш не самая лепшая — побач з «Кнігай пра байца» А. Твардоўскага — савецкая паэма аб Вялікай Айчыннай вайне? Хіба паявіліся ў нашай паэзіі больш моцныя і яркія паэмы, а яна ўжо такою быць перастала? Ды, здаецца, не! Новых — не тое што лепшых, а хоць бы блізка такога ўзроўню паэм у нас няма, а «Сцяг брыгады» па-ранейшаму ўражвае непераўзыдзенай сілай і яркасцю мастацкага адлюстравання пакут і подзвігу народа, суровай і мужнай праўдай аб страшнай пары ліхалецця.

Што ні датычыць сімволікі... то, на мой погляд, у гэтым пытанні таксама трэба як след разабрацца. Ёсць розная сімволіка — і ў жыцці і, адпаведна, у літаратуры. Ёсць, напрыклад, сімвалы, якія ўвасабляюць гонар і славу нацыі, свабоду Радзімы, вернасць народу і рэвалюцыі, баявой клятве. Хіба гэтыя сімвалы калі-небудзь перастануць чалавекам цаніцца? У чалавека заўсёды павінны быць у душы святыні, праз якія ён не можа пераступіць, не можа ігнараваць іх і апошліць. На вернасці падобным свяшчэнным сімвалам «замешаны» тысячы класічных твораў літаратуры вялікага выхаваўчага значэння. Калі пайсці шляхам ігнаравання гэтае сімволікі, то мы непазбежна скоцімся і да ігнаравання таго, што за ёю стаіць, скоцімся да пазіцыі — няма нічога святога, нічога, чым трэба даражыць, калі хочаш застацца чалавекам і грамадзянінам. З бацькоўскага папялішча прывёз на новую радзіму жменю зямлі? Смешны дзівак! Навошта?.. З-за клятвеннага слова, з-за слова гонару столькі перацярпець пакут? Дурань! Даў слова, пакляўся, прысягнуў — дык вазьмі тое слова, тую клятву назад, і толькі! Пасля, калі будзе трэба, зноў дасі. Падумаеш, важнасць такая!.. Праз усе гады фашысцкай акупацыі захоўваць дома барэльеф правадыра Рэвалюцыі? Гэта неразумна! З-за гэтага маглі б расстраляць усю сям'ю!..