Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 27

Ніл Гілевіч

Не прэтэндуючы на ўсебаковы разгляд творчай спадчыны А. Куляшова, хацеў бы падзяліцца некаторымі прыватнымі заўвагамі і меркаваннямі, што ўзніклі пры апошнім перагортванні яго паэтычных старонак.

Інфантыльнасці не было і ў падлетка

Мабыць, многіх чытачоў здзіўляла і здзіўляе, як рана пачаў А. Куляшоў выступаць у друку з зусім не дзіцячымі вершамі, як рана набыў вядомасць і прызнанне. Сапраўды, у трынаццаць-чатырнаццаць гадоў ён піша і друкуе творы, у якіх няма і следу натуральнай для такога ўзросту інфантыльнасці. У шаснаццаць гадоў выдае першы зборнік «Росквіт зямлі», сама назва якога гаворыць аб тым, што надлетак-паэт жыве вялікімі падзеямі эпохі, надзённымі турботамі народа і краіны, валодае адчуваннем часу, разумее самае істотнае і галоўнае ў ім. У семнаццаць гадоў піша паэму «Крыўда» — твор, які зрабіў бы гонар многім сталым і вядомым у той час паэтам.

Ведаю, што праводзіць гістарычныя апалогіі — справа рызыкоўная, але памяць міжволі нагадвае, якой высокай паэтычнай культуры вершы і паэмы пісалі ў чатырнаццаці-пятнаццацігадовым узросце Пушкін і Лермантаў або шаснаццацігадовы Максім Багдановіч. Падобнае незвычайна ранняе выспяванне чалавека і паэта, з выключнай чуйнасцю да слова, да складу і ладу ў вершы, бачым мы і ў творчай біяграфіі Аркадзя Куляшова. У васемнаццаць гадоў ёй аўтар трох зборнікаў паэзіі і вялікай (110 кніжных старонак!) драматызаванай паэмы «Аманал», крытычны разгляд якой зрабіў у спецыяльным артыкуле народны паэт Якуб Колас. У дваццаць пяць гадоў ён піша вершы і паэмы, якія сталі хрэстаматыйнымі, сталі нашай савецкай паэтычнай класікай. У няпоўных трыццаць ён ужо знакаміты на ўвесь Савецкі Саюз і вядомы за межамі краіны, адзін з самых прызнаных і аўтарытэтных майстроў савецкай паэзіі.

Мне здаецца, што гэтыя агульнавядомыя факты і дасюль яшчэ належным чынам у нас не асэнсаваны, а між тым яны з'яўляюцца пераканаўчым сведчаннем, якой арганічнай творчай сілы і моцы паэт прыйшоў паўвека назад у беларускую літаратуру.

Вернасць свайму крэда

Перагортваю том за томам і яшчэ і яшчэ раз пераконваюся: на рэдкасць паслядоўны ў сваіх ідэйна-эстэтычных прынцыпах і перакананнях паэт! Яшчэ ў даваенныя гады, з мужным і ясным усведамленнем адказнасці за ўзяты на сябе абавязак, ён абвясціў:

Хачу неспакойнаю хмарай грымець, Маланкамі ўвесь апавіты, Каб цяжка адразу было зразумець Ці вокам акінуць, які ты. Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём І не прыставаць у знямозе, Вялікай любові дажджом і агнём Зямлю цалаваць на дарозе.

Тады ж быў ім напісаны першы варыянт яшчэ аднаго верша, вядомага нам у рэдакцыі крыху пазнейшай пары, у якім гэтак жа ярка і хораша пацвярджаецца і ўдакладняецца абвешчанае паэтычнае крэда: