Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 22

Ніл Гілевіч

Здавалася мне слава явай блізкай Тады, калі схілялася ў цішы Паэзія, як маці над калыскай, Над сненнем недасведчанай душы. Каб рос хлапчук, не дбаючы аб цудзе, Каб не лічылі людзі сысунком, Яна да болю матчыным грудзі Пякучым націрала палыном. Пасля, малыя выверыўшы крокі, На бітым шкле і па жарстве дарог, Рукою паказала свет шырокі І босага пусціла за парог. З тых дзён, калі падносяць кубак славы, Я лішняе спакусы не глыну. Бо ўсё яшчэ мне помніцца гаркавы На смаглых вуснах прысмак палыну.

Гама пачуццяў і настрояў у апошніх лірычных вершах паэта — шырокая, хаця пераважае, бадай, не выказанае прама пачуццё ўдзячнасці жыццю і лёсу, змешанае з пачуццём шчымлівага прасветленага смутку. Чаму смутку — зразумела: рэху далёкай вясны не вярнуцца, «што сэрцу дорага было» — хоць і цяжка ў гэта паверыць — «адгаманіла, адкукавала, адышло». Чалавечныя і па-чалавечы вельмі пранікнёныя радкі.

Крыху асабняком сярод лірычных споведзей кнігі стаіць выдатны верш «Не з горшых той сусед...». Яго эмацыяльная афарбоўка наскрозь іранічная, а гэта якасць у лірыцы паэта спатыкаецца не часта. Верш прысвечаны суседу — «трунару» і «далакопу», які старанна і акуратна ўсё зробіць для сябра-нябожчыка: і «даўгавечную хату» саб'е з дошак, і прамову жалобную скажа — нават не адну, і засыпле зямлёю. «Пасля прыляжа, смерці лёкай, з рыдлёўкай разам на траву... «Ну вось — і гэты ўжо далёка, а я працую. Я жыву!» Наўрад ці калі-небудзь гісторыкі літаратуры назавуць імя суседа, якому «прысвечаны» (без подпісу) гэты страшны сатырычны партрэт, хаця повад для яго напісання быў, вядома ж, не абстрактны. Але вартасць і значэнне твора не ў канкрэтнасці адрасата, а ў той забойчай сіле іроніі, якое хопіць на ўсіх падобных «лёкаяў смерці» і сёння і ў будучым

Як і заўсёды ў Куляшова, так і ў вершах гэтай кнігі ўражвае сацыяльная або філасофская значымасць метафары. У аснове пераносу значэння слоў ляжаць асацыяцыі не вузка-асабістага, камернага, а абавязкова сацыяльна-грамадскага характару. Так ужо была настроена душа паэта, што кожны рух пачуцця і думкі ў яго «вязаўся» з вялікім светам людскіх хваляванняў і трывог. Яго метафары і мастацкія параўнанні такія ж буйныя і маштабныя, як і яго задумы. Нярэдка на адным метафарычным вобразе трымаецца ўвесь твор цалкам («Пастух», «Мой Новы год», «Слова пра вала»).