Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 23

Ніл Гілевіч

Апрача вершаў у кнігу «Хуткасць» увайшлі дзве паэмы: лірычная «Варшаўскі шлях» і драматычная «Хамуціус». Абедзве, на мой погляд, належаць да ліку самых моцных і мастацка дасканалых твораў паэта буйнога жанру. «Варшаўскі шлях» прысвечана памяці А. Т. Твардоўскага. Вядома, што А. Куляшова з А. Твардоўскім звязвала трывалая шматгадовая дружба, вядома таксама, як высока вялікі рускі паэт цаніў паэму «Сцяг брыгады» ды і ўсю творчасць свайго беларускага сабрата. І вось — своеасаблівае слова-рэквіем, слова-споведзь, слова-ўспамін і роздум... У субяседнікі ўзяты Варшаўскі шлях — той самы стратэгічнага значэння шлях, што яшчэ дагэтуль хавае памяць пра воіна-паэта, які саграваў тут на кароткім салдацкім прывале каля кастра азяблыя рукі, каб узяць аловак і напісаць новыя радкі несмяротнай «Кнігі пра байца». У паэме многа горкага смутку і болю, яна ўся пранізана журботным пачуццём незваротнай і непапраўнай страты, і ў той жа час яна ўзвышае і мацуе душу чытача, бо расказвае пра чалавека вялікага і высакароднага сэрца, пра хараство выпрабаванай на вернасць дружбы, пра веліч творчага духа, пра шчасце самазабыўнай працы і сумленна выкананага грамадзянскага і чалавечага абавязку. Аўтар не малюе партрэта свайго сябра і паплечніка, не падае эпізодаў і фактаў яго біяграфіі, а ў тоне глыбока задушэўнай размовы вядзе гаворку пра Твардоўскага-паэта, пра яго ролю і значэнне ў савецкай літаратуры, даючы здзіўляюча верныя характарыстыкі, азначэнні, ацэнкі. «Як бор, ён абжываў мясцовасць борам, арганным рэхам бед і перамог. Ніхто таго не дагаворыць хорам, што ён адзін дагаварыць бы мог...» Або: «Было з кім гаварыць, было ў каго сумленню прыклад браць, радкам — вучыцца». Або: «Ён пры жыцці быў крытыкам суровым сваім. Тым песням падаваў руку, дзе пачуццё было не выпадковым, з непазычанай думкай у радку».

«Пагутарым аб часе, аб Твардоўскім»... Чытач, напэўна, звярнуў увагу па гэта спалучэнне: час і Твардоўскі. У паэме яно паўтараецца двойчы. Не аб літаратуры і Твардоўскім, не аб паэзіі і Твардоўскім (хаця б і такія спалучэнні былі б правільныя), а — аб часе і Твардоўскім. Здзіўляюча верная для данага выпадку паэтычная формула! Бо Твардоўскі — гэта больш, чым літаратура і паэзія, бо з імем Твардоўскага лепш за ўсё спалучаецца іменна час — той нялёгкі, складаны і супярэчлівы час, у якім ён жыў і які даў жыццё яго кнігам. «Штодзённай прыналежнасцю святой да спраў людскіх паэзія паліла яго... І, спапяліўшы, запрасіла і пасяліла ў дом высокі свой»,— робіць вывад аўтар, і з гэтым нельга не пагадзіцца.

Вялікая драматычная паэма «Хамуціус» пераносіць нас да падзей больш чым стогадовай даўнасці — да паўстання на Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам выдатнага рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага, чыё імя ў шасцітомнай «Гісторыі КПСС» называецца ў ліку «актыўных дзеячаў рэвалюцыйнага лагера эпохі падзення прыгоннага права». Да вобраза Каліноўскага беларускія пісьменнікі і паэты звярталіся ўжо неаднойчы, але па-сапраўднаму вялікі поспех у мастацкім засваенні гэтай тэмы дасягнуты ўпершыню: як быццам час чакаў, калі ж жыццё і справа вялікага сына народа стануць творчым лёсам вялікага паэта.