Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 24

Ніл Гілевіч

Эпіграфам-ключом да гэтага даволі складанага твора паэт узяў мудрыя радкі з М. Бануш: «Ствараючы аблічча свету новага, ствараем мы і новае аблічча тым, хто загінуў». Але паэма А. Куляшова — не проста новае слова пра Каліноўскага, народжанае новым, сучасным прачытаннем гісторыі. Сутнасць таго, што дае падставу ацэньваць гэты твор як выдатны, заключаецца ў глыбіні паэтычнага спасціжэння часу, падзей і людзей, у мастацкай сіле і яркасці сапраўды драматычных сцэн, эпізодаў, характараў.

Вельмі складаны перыяд у гісторыі беларускага народа ўзнаўляе ў сваёй паэме-трагедыі А. Куляшоў: перыяд найбольшага напалу антыпрыгонніцкіх настрояў сялянства — з аднаго боку, і першых парасткаў нацыянальнай самасвядомасці, што прабіваліся да святла ў зледзянелай «турме народаў»,— з другога. Бо менавіта ж пасля паўстання 1863-1864 гадоў узмацнілася «хваляванне розумаў» у асяроддзі інтэлігентаў-беларусаў і пачаўся той незваротны працэс гістарычнага празарэння нацыі, вяршыннымі пунктамі якога сталі імёны Багушэвіча, Цёткі, Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага.

Паэма называецца «Хамуціус» — такой была адна з падпольных клічак Каліноўскага. Слова ўтворана ад «хам» у значэнні «мужык», «селянін». Можна не сумнявацца, што Куляшоў гэту назву даў свайму твору не ў спешцы — ён увогуле ў паэзіі нічога ў спешцы не рабіў. «Хамуціус» — па лацінскаму ўзору — гэта мужык у найвышэйшай ступені, мужык з мужыкоў, і самы вялікі мужык. Так называў сябе Каліноўскі — на гэтым паставіў ідэйны акцэнт і аўтар паэмы. Яго герой — сапраўдны прадстаўнік прыгнечаных сялянскіх мас, плоць ад плоці працоўнага народа, яго верны і паслядоўны заступнік. Уявіўшы родную краіну ў выглядзе воза з мужыком у дамавіне (на козлах — вяльможа, ва ўпрэжцы — паны, а ззаду жандар штурхае рукамі), Каліноўскі ўскліквае: «О, божа літасцівы мой адзіны, перакулі на брук жалобны воз, зрабі, каб крэўны брат мой уваскрос!» Крэўны брат — вось ступень яго роднасці з абяздоленым сялянствам. Шмат пазней толькі Купала і Колас так адчуюць і так назавуць мужыка: «О мужык ты бедны, о мой братка родны!» Гэта ўжо не разуменне мужыцкага становішча «з боку», не спачуванне і спагада (хаця і шчырая) «з боку», не — гэта ўжо сама пакута, гэта крык самога пакутніка, гэта сам мужык, які падняўся з бездані цемры і гора і ўзяў у рукі пяро, каб заявіць аб сабе і патрабаваць для сябе чалавечага жыцця, права «людзьмі звацца». Такім быў Каліноўскі-Хамуціус — вышэйшая ступень канцэнтрацыі мужыцкага ў адзінай асобе, увасабленне думак і пачуццяў, жаданняў і надзей шматмільённага «мужыка». А таму і асабліва небяспечнага і страшнага для прыгнятальнікаў.

На пытанне журналіста Масолава, хто ён — паляк, альбо літвін, ці беларус? — Каліноўскі прамога адказу, як гэтага чакаў газетчык, не дае. Не таму, вядома, што ён не ведаў, хто ён — якога славянскага роду-племя прадстаўнік. Па перакананню беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата не нацыянальная прыналежнасць важная ў гэты момант гісторыі і не яна павінна падкрэслівацца, высоўвацца на пярэдні план, а прыналежнасць да адзінага баявога брацтва тых, хто паўстаў супроць дэспатызму, супроць усіх і ўсякіх форм прыгнёту, у тым ліку і нацыянальнага.