Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 20

Ніл Гілевіч

Няма сумнення, што імя Куляшова належыць да ліку самых вялікіх імён у шматнацыянальнай савецкай паэзіі — да тых вышынных імён-маякоў, што цягам цэлых дзесяцігоддзяў вызначалі яе ідэйны кірунак і мастацкі ўзровень. У ясназорай плеядзе, дзе свецяцца імёны самых выдатных паэтаў савецкай зямлі, ад гэтага часу і назаўсёды непагасна свяціцца імені Аркадзя Куляшова.

Калі адыходзіць паэт такога маштабу і значэння як Куляшоў, то лепшай памяццю аб ім можа быць толькі ўсведамленне ягоных вялікіх урокаў і працяг ягонай справы. Найважнейшы ж і найвялікшы ягоны ўрок заключаецца ў тым, што праца паэта — ад пачатку і да канца, кожным радком і словам — павінна служыць праўдзе веку, праўдзе камунізма, служыць сур'ёзна і самаахвярна да апошняга ўдару сэрца, да апошняга ўздыху. Ягоны ўрок у тым, што паэзія не мае права адступаць і здаваць пазіцыі ў барацьбе за самыя высокія ідэалы чалавецтва, гэтаксама як і не мае права драбнець і ператварацца ў пустую забаўку. Мы яшчэ неаднойчы будзем чытаць і перачытваць усё, што выйшла з-пад пяра гэтага волата мастацкага слова, і для нас з кожным разам ва ўсё большай глыбіні і велічы будзе адкрывацца сіла і моц яго творчага духу, прыродная мудрасць яго шматграннага таленту лірыка, эпіка і драматурга, непераўзыдзенае хараство і бляск яго наватарскага майстэрства. І мы будзем думаць над тым (бо мы павінны думаць!), як жа важна паэту, мастаку жыць вялікімі клопатамі і трывогамі свайго часу і якою я« высокаю мераю патрабавальнасці трэба мераць нам сваё ўласнае жыццё ў літаратуры, сваю ўласную работу над словам.

Аўтарытэт Куляшова ў нашай паэзіі быў агромністы і непахісны. Для ўсіх нас — і яго равеснікаў і маладзейшых сучаснікаў — сама прысутнасць у літаратуры Куляшова значыла вельмі многа, а тым больш даражылі мы яго думкай, яго скупою пахвалой і нават самым простым знакам увагі. Гэта быў аўтарытэт дасканалага майстра і мудрага настаўніка, аўтарытэт, які здабываецца ў жыцці далёка не кожным нават і з вельмі вядомых і прызнаных творцаў.

Амаль сорак гадоў назад, напярэдадні грознага ліхалецця, Аркадзь Куляшоў напісаў радкі, высокатрагічны і ў той жа час жыццесцвярджальны сэнс якіх з асаблівай сілай працінае свядомасць цяпер:

У родную краіну Дарогі перайнач. А я? А я — загіну. А ты? А ты — не плач.

Не плач, паэзія. Не плач, роднае матчына слова. Не плач, а мужайся і гартуйся духам для новых бітваў за душы і сэрцы людскія, для новых вялікіх здзяйсненняў і перамог!

Такое завяшчанне пакінуў табе твой вялікі слуга і ўладар, твой вялікі руплівец. Табе і ўсім нам, што застаюцца ў страі.

2. Апошняя кніга

Роўна паўстагоддзя доўжыўся яго творчы шлях. Пяцьдзесят гадоў нястомнай, натхнёнай працы, і як вынік — амаль пяцьдзесят кніг паэзіі. У якім паэтычным жанры яго магутны талент рэалізаваўся найбольш моцна і поўна — сказаць цяжка. Асабіста я думаю, што ва ўсіх, да якіх ён звяртаўся. Лірычныя вершы Куляшова заўсёды выразныя эмацыянальна і глыбокія па думцы — сярод іх цяжка знайсці «папялішча пачуццяў марных, пушчаных на глум». Балады яго ўражваюць смеласцю задумы, вострым драматызмам сюжэта, дасканаласцю кампазіцыі. Ну, а яго паэмы — яго васемнаццаць паэм! — складаюць разам узятыя велічны паэтычны эпас, у якім адлюстраваны ўсе важнейшыя этапы і паваротныя моманты ў гістарычным лёсе беларускага народа за апошнія сто з гакам гадоў. Ці ставіў ён перад сабой такую задачу яшчэ ў маладосці? Наўрад. Проста так у выніку атрымалася, бо ён жыў сучаснасцю і асэнсоўваў гісторыю, бо ён апантана імкнуўся спасцігнуць самую сутнасць часу і быцця.