Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 21

Ніл Гілевіч

У развіцці творчага шляху Аркадзя Куляшова бачны рысы і асаблівасці, уласцівыя толькі самым вялікім мастакам слова. Так, да яго вельмі рана прыйшло пачуццё ўпэўненасці ў сваіх творчых сілах, а разам з гэтым — усведамленне значнасці справы, якой ён сябе прысвяціў, разуменне таго, што ў паэзіі нельга драбніцца, нельга захапляцца выпадковым і другарадным, хаця б яно і здавалася па-свойму цікавым. І думаць, і адчуваць, і працаваць трэба буйна, маштабна, брацца за справу нялёгкую і вартую. Так, Куляшоў заўсёды лічыў неабходным брацца за вялікае, яго хвалявалі праблемы і пытанні эпахальнага значэння, прываблівалі тэмы, што ахопліваюць лёс чалавека і чалавецтва, роднай краіны і ўсёй планеты.

Паэт найглыбейшага лірычнага пранікнення, няўрымслівай і ўсёмагутнай сілы пачуцця, вострадраматычнага ўспрыняцця свету, Куляшоў быў у той жа час і адным з самых разумных паэтаў нашай эпохі. Звычайна ў размовах пра паэзію мы пазбягаем такога вызначэння і карыстаемся словам «мудрасць». Ну, што ж, і мудрасць — тое слова, якое вельмі хораша прыкладваецца да творчасці Куляшова. Але гаворачы «разумны», я меў па ўвазе яго зайздроснае ўменне мысліць, аналізаваць і абагульняць у вобразах складаныя з'явы рэчаіснасці, меў па ўвазе напружаную і пастаянна актыўную работу інтэлекта. Дык што — паэт-мысліцель? Бясспрэчна. Паэт з тых, што мысляць. Якасць, у якой паэзія заўсёды мае патрэбу.

Адзначаныя рысы і асаблівасці ў поўнай меры характарызуюць і апошнюю кнігу Аркадзя Куляшова «Хуткасць».

«Хуткасць»... Цяжка ўявіць слова больш дакладнае для агульнага вызначэння таго, што складае адну з самых істотных рыс часу і нашага ўспрыняцця рэчаіснасці.

Ёсць хуткасць гуку, ёсць — звышгукавая, Есць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх. Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая, Што, як святло, стагоддзе абганяе, З тысячагоддзем размаўляе ўслых.

Адчуванне няспыннага паскарэння бегу часу, які мяняе жыццё, свет, чалавека,— вельмі моцнае ў Куляшова. Асабліва выразна праступае яно ў такіх цудоўных узорах сучаснай лірыкі, як «Адзіны серп на сённяшнім жніве», «Запісная кніжка», «Мой Новы год», у даўшым назву ўсяму зборніку вершы «Хуткасць», у лірычнай паэме «Варшаўскі шлях». Але калі паспрабаваць вызначыць галоўную тэму лірычнай часткі кнігі, яе сэнсавую і эмацыянальную дамінанту, то гэта будзе глыбока выпакутаваная паэтам думка аб выключнай труднасці місіі мастака-творцы і аб той найвышэйшай адказнасці перад людзьмі і часам, якую накладае на яго выпаўшы яму на долю від працоўнай дзейнасці. З уласцівай яму пераканаўчасцю паэт гаворыць аб неабходнасці выносіць на суд чытачоў усё, «што ў сэрцы набалела», аб тым, каб яго слова «не жалезнае, знаёмае з пакутай і слязьмі,— ад славы і імёнаў незалежнае, трымала сувязь з часам і людзьмі», аб тым, «каб не прылізаным і чысценькім быў сэрца боль, каб пёк ён і смылеў, каб не прыкрыт быў грэх прыстойным лісцікам, смех гулкім рэхам быў, абвалам — гнеў». Гэта зусім натуральна, што ўмудроны жыццём і вопытам паэт яшчэ і яшчэ раз звяртаецца да тэмы філасофска-эстэтычнага парадку, да вобразнага абагульнення свайго няпростага, мнагатруднага творчага шляху.