Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 19

Ніл Гілевіч

Творчая дзейнасць Багдановіча шматгранная: ён быў не толькі выдатным паэтам, але і бліскучым перакладчыкам, тонкім літаратурным крытыкам, глыбокім даследчыкам і тэарэтыкам літаратуры. Паэзія, аднак, праз увесь час заставалася для яго самай блізкай стыхіяй, найпершым прызваннем, прадметам вялікай любові яго вялікага сэрца. Ёсць у Багдановіча чарнавы накід верша, у якім ён сам вызначае сваё стаўленне да паэтычнай творчасці:

Бывае, вада перапоўніць Ставок і праз бераг памкнецца; Калі ж з яго выбежыць лішак, Дык далей вада не бяжыць. Бывае і так, што руйнуе Плаціну вада; ў гэту пору Струяцца апошнія хвалі І сохне няшчасны ставок. З паэтамі так жа бывае: Адзін дае людзям ізлішкі, Другі ўсё, што мае. Я гэткі: Пяю я з надтрэснутым сэрцам, Апошні свой скарб аддаю.

Знаёмства з паэтычнай спадчынай Багдановіча пераконвае, што ён сапраўды спяваў усім сэрцам, аддаючы народу свой талент і энергію да кроплі. Многія яго вершы — у тым ліку такія шэдэўры нацыянальнай лірыкі, як «Зорка Венера» і «Слуцкія ткачыхі»,— даўно зрабіліся папулярнымі народнымі песнямі.

...Усяго дзесяць гадоў прадаўжалася творчая дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. Крыўдна мала суджана было пажыць Багдановічу — ён памёр па дваццаць шостым годзе жыцця, напэўна, яшчэ на подступах да таго, што мы звычайна называем «росквітам творчых сіл». Але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя вочы і сэрцы людскія. Імя паэта стала адным з самых дарагіх імён у памяці ўдзячных нашчадкаў.

У вянок Аркадзю Куляшову

Трыпціх

1. Ён быў сцяганосцам

Марозным лютаўскім днём мы правялі ў апошнюю дарогу і сказалі апошняе «бывай» народнаму паэту рэспублікі Аркадзю Аляксандравічу Куляшову.

Пасля Купалы і Коласа — гэта самая вялікая, а таму самая цяжкая і балючая страта для беларускай савецкай паэзіі. Не стала творцы, з імем якога звязаны найбольшыя дасягненні і сапраўдны росквіт паэзіі, народжанай ідэямі рэвалюцыі, явай сацыялізма. Не стала мастака, чый творчы набытак з'яўляецца гонарам і славай нашай культуры.

Мы сказалі апошняе «бывай» паэту, чыя творчасць склала цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Роўна паўвека назад, 14-гадовым камсамольцам, пачаў ён свой слаўны творчы шлях і да самага апошняга дня, да апошняй хвіліны ішоў гэтым шляхам мужна і ўпэўнена, з. высокай чалавечай і прафесійнай годнасцю, як і належыць паэту-камуністу, паэту-змагару, паэту-сцяганосцу. Так, у нашай беларускай ды і ва ўсёй савецкай паэзіі Аркадзь Куляшоў справядліва залічаўся да тых, хто мае права на гэтае ганаровае званне сцяганосца. Не выпадкова ва ўяўленні школьнікаў вобраз Алеся Рыбкі, што выносіць з акружэння сцяг брыгады, так часта і так упарта атаясамліваецца з вобразам самога аўтара паэмы.

Мы сказалі апошняе «бывай» паэту вернасці і абавязку, бо вернасць была самой сутнасцю яго творчай асобы: вернасць сабе і абранаму аднойчы шляху, вернасць чырвонаму сцягу Кастрычніка, Партыі, народу і Радзіме, вернасць братэрству і дружбе, жыццю і міру.