Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 18

Ніл Гілевіч

Багдановіч умеў карыстацца рытмічнымі і гукавымі магчымасцямі верша. Ён справядліва лічыцца адмысловым майстрам гукапісу, у чым іншы раз дасягае сапраўднай віртуознасці («Завіруха», «Добрай ночы, зара-зараніца»). Але Багдановіч не ператвараў алітэрацыю ў самамэту — гукапіс у яго служыць паэтычнай задуме верша, выяўленню яго сэнсу, зместу.

Вучобу ў класікаў сусветнай літаратуры Багдановіч спалучаў з творчым унаследаваннем прыёмаў і сродкаў вуснай народнай паэзіі. У апошнія гады жыцця паэт свядома стаў на шлях своеасаблівай фальклорнай стылізацыі, лічачы, што на тагачасным этапе гэта быў адзіна правільны шлях да стварэння самабытнага беларускага верша (так, прынамсі, сцвярджаў ён у артыкуле «Забыты шлях» []). Сапраўды, многія вершы, на якія паклаў адбітак інтанацыйна-рытмічны лад народнай песні, належыць да лепшых твораў паэта («Як Базыль у паходзе канаў», «Як прыйшла я на ток малаціць», «Цёмнай ноччу лучына дагарала» і інш.). Пад уплывам эпічных форм народнай паэзіі напісаны вельмі своеасаблівыя паэмы «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык», «Максім і Магдалена», паэтычная легенда «Страцім-лебедзь». Але ў прынцыпе прыём фальклорнай стылізацыі нельга было лічыць перспектыўным для развіцця ўсёй беларускай паэзіі. Творча выкарыстоўваць фальклор — гэта значыць перш за ўсё апірацца па яго здаровыя традыцыі народнасці і рэалізму, вучыцца народнаму светаўспрыманню, насцігаць духоўныя запатрабаванні народа, яго грамадскія і эстэтычныя ідэалы. Паэзія Багдановіча ў цэлым якраз і з'яўляецца прыкладам такога выкарыстання. Вывучэнне скарбаў вусна-паэтычнай народнай творчасці адыграла выключную ролю ў фарміраванні ідэйна-эстэтычных поглядаў паэта перш за ўсё тым, што адкрыла перад ім цудоўную душу народа — мужнага і таленавітага, духоўна багацейшага за тых, хто рабіў яго абяздоленым і няшчасным.

Творы сапраўднай паэзіі маюць адну адметную якасць: яны вельмі лёгка, падчас з першага разу, затрымліваюцца і надоўга застаюцца ў памяці. Тлумачыцца гэта не толькі іх праўдзівым і глыбокім зместам, вялікім чалавечым пачуццём, непаўторнымі паэтычнымі вобразамі, але і дакладнасцю радка, лагічнасцю і паслядоўнасцю думкі, натуральнасцю гучання, сакавітасцю мовы. Большасць жа вершаў Багдановіча якраз і вызначаецца гэтым.

М. Багдановіч навучаўся роднай мове па кніжках, і таму ў яго вершах нярэдка сустракаюцца русізмы, многія словы ён ужывае ў формах, не ўласцівых беларускай мове, іншы раз не на тым складзе ставіць націск. Але ўвогуле мова яго твораў па сваім духу ёсць мова беларускага народа. Яе характарызуе яркі нацыянальны каларыт.