Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 17

Ніл Гілевіч

Агульнапрызнана, што Багдановіч — паэт надзвычай высокай культуры. Але паэтычная культура не прыходзіць сама сабой. У Багдановіча яна — вынік упартай і няспыннай працы над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры мінулага. Багдановіч чытаў у арыгінале і перакладаў па родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейнэ і Шылера, Верхарна і Верлена, выдатна ведаў паэзію рускую і ўкраінскую, быў знаёмы з літаратурай многіх іншых народаў свету. З дзіцячых гадоў ён выхоўваўся на лепшых узорах сусветнай класічнай паэзіі. Паводле ўспамінаў бацькі паэта, «развіццю густу, эстэтычных пачуццяў надавалася вялікае значэнне. Дзеці дэкламавалі і завучвалі вершы толькі высокамастацкія. Побач з гэтым высвятляліся спосабы мастацкай творчасці: трапныя і маляўнічыя эпітэты, удалыя метафары і ўсе дапаможныя прыёмы мастацкай мовы» []. Ступіўшы на шлях літаратурнай дзейнасці, Багдановіч пастаянна дбаў аб мастацкай дасканаласці сваіх твораў. У артыкуле «Глыбы і слаі» ён пісаў, што «ўсю ўвагу звяртае на вобразнасць зместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасці іх, спадзеючыся прыдаць ім праз гэта асаблівую сілу» []. Імкненне да згушчонасці, да лаканізму з'яўляецца неад'емнай рысай Багдановіча-паэта. Кіруючыся тэзісам «каб словам было цесна, а думкам прасторна», ён дасягае ў сваіх лепшых вершах гранічнай сцісласці. З усёй яго спадчыны толькі каля дзесятка вершаў маюць па трыццаць або крыху больш радкоў. Пераважная ж большасць — паэтычныя мініяцюры, з яркім вобразам і афарыстычнай думкай, што так хораша месціцца ў васьмі, чатырох або нават у двух радках.

Зразаюць галіны таполі адну за адной... Без скаргі яны на зямлю чарадою лажацца, Бо смерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной Магло бы хутчэй развівацца. Таварышы-брацця! Калі наша родзіна-маць Ў змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы,— Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй аддаць, Без скаргі налеч у магілы?! («Зразаюць галіны таполі адну за адной...») Дзякуй, пане, бо пазнаў ад вас і я,— Не на трох кітах трымаецца зямля. Згода, згода, бо здаецца неяк мне, Што стаіць яна на нашай жа спіне. («Пан і мужык») Хіліцца к вечару дзень, і даўжэйшымі робяцца цені; З болем пад захад жыцця ўспомніш пра гэтае ты. («Пентаметры»)

Гэтыя ўзоры ў беларускай паэзіі — адзіныя ў сваім родзе і на сённяшні дзень.

Багдановіч многа дбаў аб кампазіцыі верша, каб яна была стройнай, прыгожай. Ён не дапускаў рыхласці або хаатычнасці паэтычных вобразаў, клапаціўся аб лагічнай закончанасці думкі і пачуцця. Ён першы ўвёў у беларускую паэзію многія невядомыя ёй раней формы верша, страфы і метрыкі (санет, трыялет, рандо, актава, тэрцыны, пентаметры). Гэта мела агромністае — і не толькі літаратурнае — значэнне. Здзейсненае Багдановічам было бліскучым доказам таго, што беларуская мова — такая ж багатая і дасканалая, як і мова любой іншай нацыі, што на ёй можна пісаць творы самых разнастайных жанравых форм, можна выяўляць самыя глыбокія і складаныя пачуцці.