Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 115

Ніл Гілевіч

У сувязі са сказаным, прыгадваю апублікаваны ў газеце «Правда» за 27 студзеня 1978 г. артыкул крытыка Ф. Чапчахава «Внуки, братики, сыновья...», у якім ён разглядае два творы сучаснай рускай літаратуры: аповесць Я. Носава «Усвяцкія шлеманосцы» і паэму Я. Ісаева «Даль памяці». Што аб'ядноўвае гэтыя творы, што падкрэслівае крытык? Па-першае, ідэя: «Сцвярджэнне непарыўнасці мінулага і цяперашняга роднай зямлі», «адзіны, неразрыўны «ланцуг часу», што навечна злучыў мінулае і цяперашняе народа», думка аб непахіснасці кроўных ніцей, што працягнуліся ад пакалення да пакалення, аб нятленных маральных вартасцях нашага народа... Па-другое, яднае гэтыя творы іх фалькларызм, зварот да паэтыкі народнага эпасу, да народна-паэтычнай сімволікі і г. д. Пра аповесць Я. Носава, напрыклад, Ф. Чапчахаў піша: «У ёй яўна адчуваецца аўтарская ўстаноўка на эпічнасць апавядання, на суровы і ўрачысты лад «былін новага часу». У творы нават ні разу не названа прозвішча галоўнага героя, вядома толькі яго імя — Касьян. Так, як і ў народных казках. Аўтар свядома выкарыстоўвае гэты прыём, «як бы падкрэсліваючы збіральнасць, тыповасць ствараемага характару, які ўздымаецца да сімвала народнай сілы і стойкасці». Вобразы, вытрыманыя ў духу народнай, фальклорнай сімволікі, адзначае аўтар артыкула і ў паэме Я. Ісаева, напрыклад, «крэмень-сляза», расказ пра якую тоіць у сабе глыбокі сэнс.

Фальклор — гэта частка народнага жыцця, істотная частка духоўнай культуры народа. Калі ты не ведаеш фальклору — значыць, тваё выданне народнага жыцця і самога народа абмежаванае, можна сказаць — павярхоўнае. Фальклор як творчасць, у якой працоўны чалавек выяўляе самога сябе, якраз бы і дапамог табе лепш зразумець жыццё, глыбей пранікнуць у псіхалогію, у нацыянальны характар народа.

Я сказаў: у нацыянальны характар народа. Але размова пра нацыянальны характар у літаратуры — гэта ўжо размова пра нацыянальную своеасаблівасць літаратуры,— другая важнейшая праблема, якую нельга, немагчыма разглядаць без уліку значэння і «заслуг» у гэтай справе фальклору. Не стану тут паглыбляцца ў гэту вялікую тэму, зазначу толькі, што нацыянальная самабытнасць літаратуры — гэта тое, што дае ёй права на месца пад сонцам, тое, з чым яна можа прэтэндаваць на становішча раўнапраўнага партнёра ў культурнай інтэграцыі краін і народаў. Слушна пісаў нядаўна ў «Вопросах литературы» вядомы літоўскі крытык Вітаўтас Кубілюс: «Калі ж лірыка пазбаўлена нацыянальнай самабытнасці і не пакідае свайго адбітку ў сусветнай культуры, то чаго тады варта само яе існаванне?» (№ 8, 1976, с. 25). Крытык сказаў пра лірыку, але, вядома, гэта датычыцца і ўсіх іншых родаў і жанраў літаратуры. Сапраўды, калі літаратура не будзе мець свайго аблічча, г. зн. не будзе літаратурай нацыянальнай,— чым тады яна будзе цікавая, што прынясе ў агульную мастацкую скарбніцу чалавецтва? Але што забяспечвае літаратуры гэтую нацыянальную своеасаблівасць? Бясспрэчна, перш за ўсё — праўдзівае, глыбокае і яркае адлюстраванне жыцця-быцця народа, яго гістарычнага лёсу, яго нацыянальнага характару. Ну, а каб адлюстраванне было сапраўды праўдзівым, глыбокім і яркім — гэтаму вельмі і вельмі можа паспрыяць сур'ёзнае, грунтоўнае веданне нацыянальнага фальклору, асноў народнай эстэтыкі.