Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 113

Ніл Гілевіч

Між іншым, кіргізскі фальклор — адзін з багацейшых у свеце. Толькі гераічны эпас «Манас» налічвае 750000 радкоў — 30 вялізных тамоў па 25000 радкоў у кожным. Падумаем: як павінен пачувацца кіргізскі, інтэлігент, паэт і пісьменнік, ведаючы, якое несмяротнае мастацтва ён прадстаўляе, якая магутная пад ім духоўная і культурная глеба? І як ён павінен да гэтай спадчыны ставіцца? Ці можа ён без яе абыходзіцца? Ці можа ён мірыцца, каб мастацкая культура такога народа заставалася «тэрра інкогніта» і не была адкрыта ўсяму свету? І ці можа ён заадно змірыцца, каб тая тэндэнцыя да уніфікацыі і стандартызацыі, што заяўляе аб сабе ў нашым сучасным жыцці, перамагла, падмяла пад сябе і заглушыла цудоўныя кветы самабытнай нацыянальнай культуры яго народа? Само сабой зразумела, што з гэтым мірыцца ён не можа, калі ён чалавек-грамадзянін і патрыёт.

І таму мы, напрыклад, вельмі добра разумеем і трывогу, і засмучэнне Чынгіза Айтматава, калі ён піша: «Добра, што мае землякі сталі пісьменныя, тэхнікай валодаюць, але засмучае тое, што, па-першае, яны забываюць добрыя народныя традыцыі, па-другое, не заўсёды даражаць сваёй унутранай, самабытнай культурай»[]. У другім месцы ёп жа гаворыць аб тым, якое сумна-гніблівае ўражанне робяць гэтыя вясельныя «Волгі» з лялькамі, з каляровымі шарамі і стужкамі — усюды аднолькавыя — ад Брэста да Сахаліна. Як хутка гэта страціла сваю прывабнасць іменна таму, што на ўсю краіну уніфікавана і стандартызавана.

Можна было б прывесці дзесяткі і сотні падобных выказванняў, што належаць вядомым пісьменнікам — прадстаўнікам іншых нацыянальных літаратур Саюза, але ў гэтым няма патрэбы. Сэнс іх зводзіцца да аднаго: нацыянальны фальклор і наогул уся духоўная спадчына народа жывіць сучасную культуру і літаратуру, спрыяе іх росквіту і з'яўляецца трывалай апорай у іх процістаянні шкодным тэндэнцыям уніфікацыі і касмапалітызацыя нацыянальнай абязлічанасці, антынароднасці і фармалізму. Пры гэтым — ніхто не адмаўляе вялікай станоўчай ролі прагрэсіўнай сусветнай культуры, наадварот — усе падкрэсліваюць, што без далучэння да яе, без узброенасці яе набыткамі немагчыма па сапраўднаму будаваць сёння сваю нацыянальную культуру.

Але добра — гаворка пакуль што была пра літаратуру гэтак званых «младапісьменных» народаў. Каб не склалася ўражання, што гэтыя пытанні не хвалююць прадстаўнікоў сучаснай рускай літаратуры, спяшаюся сказаць: хвалюе, і нават вельмі. Хто ўважліва сочыць за рускай літаратурай і крытыкай апошняга дзесяцігоддзя, у таго не выклікае сумнення, што і там назіраецца пэўны паварот да «вытокаў» і ў сувязі з гэтым узмацніўся працэс фалькларызацыі. Аформілася цэлая магутная плынь у прозе, якую называюць «вясковай», а саміх пісьменнікаў — «глебавікамі». Вядома, азначэнні гэтыя ўмоўныя, хаця і не выпадковыя. Фактычна, гэта самае таленавітае цяпер ядро рускай прозы: Ф. Абрамаў, В. Шукшын, В. Бялоў, В. Астаф'еў, В. Распуцін, Я. Носаў i iнш. Падобнае ж бачым мы і ў сучаснай рускай паэзіі, асабліва ў творчасці паэтаў таго пакалення, што заявілася ў 50-60-х гадах. Моцна адчуваецца «фальклорная школа» і цяга да фальклорных вытокаў і ў некаторых найбольш таленавітых прадстаўнікоў апошняга выяўленага пакалення.