Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 114

Ніл Гілевіч

Чым жа растлумачыць такі ўзмоцнены клопат пра нацыянальныя вытокі і карэнні ў сучаснай рускай літаратуры? Здавалася б, ёй-то, гэтакай вялікай і магутнай, чаго трывожыцца? Пытанне гэта не простае. Але думаецца, што прычына для трывогі і ў рускіх пісьменнікаў тая ж самая. Думаецца, што яна выклікана пэўным паслабленнем у рускай літаратуры народнага пачатку, пэўным паслабленнем сувязяў з вытокамі, з глебай, а іначай сказаць — паслабленнем сувязі пакаленняў. Пачала была песці страты такая галоўнейшая якасць літаратуры, як народнасць. І натуральна, што літаратура, якая заўсёды вызначалася і была моцная духам народнасці, схамянулася і ўстрывожылася. Паслабляць гэтую якасць права ёй не дадзена.

Але хіба можна гаварыць пра народнасць, абмінаючы праблему сувязі літаратуры з фальклорам? На наш погляд — ніяк нельга. Вядома, народнасць і фалькларызм у літаратуры — гэта не адно і тое ж. Атаясамліваць іх не трэба. Фалькларыст І. А. Асавецкі слушна зазначае, што «наяўнасць элементаў фальклору ў літаратурным творы сама па сабе яшчэ не сведчыць аб яго народнасці» []. Фалькларызм сам па сабе можа і не быць станоўчай якасцю, у той час як народнасць — абавязкова выдатная якасць літаратуры. Народнасць — адзін з галоўных эстэтычных прынцыпаў літаратуры сацыялістычнага рэалізму. Сэнс яго, як мы ведаем, у тым, што літаратура павінна служыць народу, павінна быць падпарадкавана вялікай мэце, а іменна — працаваць на пабудову камуністычнага грамадства, сцвярджаць ідэалы гэтага грамадства, якія з'яўляюцца народнымі ідэаламі. Значыць, народнасць — гэта тое, што супроцьстаіць безыдэйнасці, беззмястоўнасці, снабізму, фармалізму — усякай творчасці, у якой няма нічога, чым жыве народ — мільённыя масы працоўных. Гэта — тое, што можа быць узята, прынята і засвоена працоўным чалавекам для свайго духоўнага ўзбагачэння, для свайго ідэйна-этычнага і мастацкага развіцця. Уласная творчасць народа — фальклор — служыць іменна гэтаму. Народнай творчасці — калі яна сапраўды народная — безыдэйнай, антыгуманнай, фармалістычнай, беззмястоўнай няма. Аб дробязным і нікчэмным фальклорных твораў няма і не можа быць. Гэта ў аднаго творцы такое можа трапляцца, а тое, што палепшыць мільёнам — пустым і нікчэмным не можа быць, бо пустое і нікчэмнае не можа хваляваць мільёны людзей. Народ — у цэлым — заўсёды жыве вялікім і значным, маральна і сацыяльна істотным. Жыццё народа не можа быць пустым, дробязным. Гэта жыццё адной асобы можа быць (і, на жаль, часта бывае) пустым, дробязным, нікчэмным, вартым жалю, недастойным чалавека. У тым ліку можa быць гэткім і жыццё асобы, якая складае вершы ці піша апавяданні, г. зн. асобы, надзеленай ад прыроды мастацкімі задаткамі. Адсюль вынікае, як важна для пісьменніка яшчэ з маладых гадоў авалодаць народнай свядомасцю, народным светаўспрыманнем і светаразуменнем. Як важна адчуць сябе часцінкай народа, а сваё жыццё — арганічнай часцінкай яго жыцця, яго гісторыі. Як важна ўразумець, гаворачы словамі балгарскага паэта Ніколы Інджова, што «ты ніколі не адзін і ты ніколі не апошні» — «жыццё мільёнаў безыменных ў тваіх артэрыях і венах!». Сапраўды, ты — не адзін, паўкола цябе людзі, твой народ, які быў да цябе і — будзе пасля цябе, ты — не апошні. Ты — толькі звяно ў ланцугу пакаленняў. Ты прадаўжаеш тое, што было да цябе і што будзе прадоўжана наступнікамі, тваімі нашчадкамі. Але ці добра ты ведаеш, што было да цябе? Ці добра разумееш, што ты прадаўжаеш? Ці задумваешся, як прадаўжаеш — у якім кірунку? Ці адпаведна вялікім запаветам дзядоў-прадзедаў? Гэта ўсё пытанні зусім не марныя, пытанні, над якімі кожны літаратар павінен думаць і думаць.