Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 117

Ніл Гілевіч

Іншы раз, хаця і не сфармулявана, але, па сутнасці, пытанне ў нашай крытыцы ставіцца так: або — або. Або — літаратура традыцыйная, народна-фальклорная ў аснове, вясковая і, вядома ж, адсталая, або — наватарская, інтэлектуальная, гарадская і, вядома ж, перадавая. А між тым гэтак пытанне ставіць нельга. Калі мы прыгледзімся, напрыклад, да паэзіі нашых дзён, то ўбачым, што сапраўды інтэлектуальная, з багаццем жывых, актуальных думак і пачуццяў, а значыць, і сапраўды сучасная — гэта якраз творчасць паэтаў, якіх зусім не залічаюць да так званых наватараў, да абнаўленняў формы верша, яго складу і ладу. Напрыклад, у пасляваеннай рускай літаратуры я не ведаю паэтычных кніг у большай ступені інтэлектуальных, чым кнігі А. Твардоўскага. Але ж вядома, як цвёрда гэты вялікі рускі паэт трымаўся традыцый, народна-фальклорнай глебы, рускай нацыянальнай духоўнасці, вуснага народнага слова і як усё гэта дапамагала яму быць па-сапраўднаму сучасным, актуальным. Яго творы чыталі і чытаюць нават тыя, хто звычайна паэзіі не чытае. Або возьмем для прыкладу творчасць А. Пысіна: і такое традыцыйнае чатырохрадкоўе, і такія ясныя, зразумелыя тропы, і ўсе знакі прыпынку на месцы, а чытаеш — і бачыш, адчуваеш, разумееш, наколькі гэта ўсё сучаснае, адухоўленае, мудрае, як хораша яго паэзія адказвае на нашы сённяшнія трывогі і хваляванні! Так што інтэлектуальнасці і сучаснасці паэзіі, літаратуры — фальклор не перашкода і не можа быць перашкодай. Наадварот — калі, вядома, фальклор разумець так, як трэба.

Мы кажам: фальклор — гэта духоўная спадчына многіх пакаленняў, у якой — сацыяльны, маральны і эстэтычны вопыт народа, розум і талент народа. Ігнараваць фальклор — значыць адлучыць сябе ад гэтага вопыту, ад інтэлекту і мудрасці мільёнаў людзей, адлучыць сябе ад важнейшай састаўной часткі таго, што У. І. Лепін назваў сумай ведаў, якія выпрацавала чалавецтва і без засваення якіх немагчыма паспяхова будаваць камуністычнае грамадства. Ігнараваць фальклор — значыць ігнараваць гісторыю культуры свайго народа, культуру, якая была да цябе і якую ты прыйшоў развіваць далей. Здаецца, усё гэта настолькі ясна, што можна, як-то кажуць, ставіць на гэтым кропку, і ўсё — дыскуціраваць няма патрэбы. Але кропку ставіць рана. Рана! Бо яшчэ не-не ды і пачуеш голас сумнення: а ўсё-такі ці не цягне нас фальклор назад, ці не затрымлівае ён паступальны рух нашай літаратуры? Пачуеш і голас яўнай недаацэнкі фальклору як мастацкай каштоўнасці, погляд на яго як на прымітыў, і толькі.