Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 116

Ніл Гілевіч

А. Адамовіч, гаворачы аб народнасці прозы В. Быкава, зазначыў, што яна перш за ўсё — у народнасці створаных ім характараў, што «сам пісьменнік пра самае запаветнае гаварыць адкрыта як быццам саромеецца. І гэта ў той час, калі так модна клясціся і заклінаць словам «народнасць», «народны» []. Клясціся, вядома, не трэба, а калі гэта робіцца модай — то і зусім дрэнна, бо — грэшна. Але гаварыць пра гэта трэба: маўчаць і рабіць выгляд, што такой праблемы няма — нельга. У дачыненні да В. Быкава — усё правільна, ён сапраўды «не распісвае нацыянальны характар накшталт ліштвы ці перніка» (словы A. Адамовіча, у якіх ён палемічны іранізуе пад пашанай да вонкавых нацыянальных атрыбутаў). І мы разумеем — гэта давёў яшчэ паўтараста гадоў назад B. Р. Бялінскі — што народнасць літаратуры не ў распісанай ліштве. Толькі не трэба іранічна-грэбліва адкідваць і ліштву. Аднойчы на сцвярджэнне кагосьці з крытыкаў, што ў нацыянальнай паэзіі важней дух, а не літара, вядомы армянскі паэт Г. Эмін вельмі слушна адказаў: «І дух, і літара, бо дух — у літары!» Сапраўды, дух — не сам па сабе, ён выяўляецца, матэрыялізуецца ў нечым канкрэтным. Змест выяўляецца ў форме. А таму: штосьці ад духоўнасці працоўнага беларуса, ад асаблівасці яго мастацкага густу, ад нашай нацыянальнай эстэтыкі ёсць і ў ліштве. І калі сучасны беларускі пісьменнік прывядзе свайго героя ў родную вёску, то, відавочна, нашу беларускую хату з ліштвамі ён не заменіць нечым іншым — фанзай з папяровымі вокнамі ці чумам са скураным полагам замест дзвярэй.

Вось чаму, справядліва акцэнтуючы ўвагу на важнасці стварэння сапраўды народнага характару, наўрад ці мудра пры гэтым іранічна махаць рукой на тое, сярод чаго і ў штодзённым кантактаванні з чым гэты народны (нацыянальны) характар складваецца, афармляецца. Сёння адкінем як дробязь свае нацыянальныя ўзоры на ліштвах і на ганчарных вырабах, заўтра адмовімся ад нацыянальных строяў, касцюмаў — таксама, маўляў, не вялікая каштоўнасць, паслязаўтра — ад усіх нацыянальных звычаяў і традыцый... Дазволена запытацца: а дзе, на чым мы спынімся ў гэтым адмаўленні? Дзе яму будзе мяжа? Выбачайце, але калі мы рушым гэткім шляхам, то пасля спыніцца ўжо не давядзецца — дойдзем да лагічнага канца. Да поўнага самаадмаўлення. Таму спыніцца трэба цяпер — спыніцца ў здзіўленні: да чаго ж прыгожыя і самабытныя ўзоры-роспісы на беларускіх ліштвах, як добра, што яны ёсць, трэба гэта майстэрства развіваць і далей, як і ўсякае іншае нацыянальнае мастацтва, каб паказаць яго свету і паганарыцца ім перад людзьмі!..