Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 9

Раіса Баравікова

Намацала нагою цагліну, падцягнулася i не ўскочыла, а хутчэй уздзерлася на веранду i знерухомела... ёй чамусьці захацелася нават не заплакаць, а заскуголіць тоненька-тоненька ад няяснага болю, ад нейкай незразумелай роспачы. Ну быў калісьці гэты дом ейным домам, а цяпер цвіль, затхласць даўно пакінутага жытла. Дык з чаго ж гэтае шкадаванне, такі пякучы жаль? Павяла позіркам... Веласіпед стаяў без адной педалі, побач ляжала пераверпутая бочка, у якой на зіму квасілі капусту. Бочка рассохлася, i абручы ледзь трымаліся. Пыл, пясок, бітае шкло, кавалкі паперы... Пустка... Веранда калісьці была перагароджана прыгожаю квяцістаю шторкаю, якую бацька прывёз з Варшавы. Цяпер на драціне матляўся брудны акравак. I побач з гэтым акраўкам — яна нават падалася бліжэй да драціны — звісалі тры ўшчэнт высахлыя рыбіны. Бацькавы акунькі. Не плотачкі, не карасікі, a менавіта акунькі. Бацька лавіў толькі ix, абсыпаў соллю i вешаў сюды, на драціну. Там, на Brown Lake Ран таксама лавіў акунёў, але яны былі вялізныя, тоўстыя, рыба bass — казаў Ран. Здымаў з кручка i кідаў назад у возера. А бацька сушыў сваіх акунькоў «пад піва». Вунь колькі запыленых парожніх пляшак у кутку! Не, гэтыя не з-пад піва...

— Ага-а, ты не помніш?

Вольга ўздрыгнула i ўся сцялася. У ёй заварушыўся ранейшы страх. Зноў матчын голас, але інтанацыя змянілася. Ён цяпер гучаў ціха і задумліва:

— Пад канец, пры нагодзе... Гэта ўжо быў, напэўна, восемдзесят дзевяты год, мы з бацькам пілі толькі кабернэ. Усе лічылі, што чырвонае віно выганяе радыяцыю. А Валера, як аказалася, чырвонага віна не ўжывае. Яму я паставіла «Сталічнай». Памятаеш Валеру, электрыка з цэнтральнай сядзібы? Дык ты не палохайся, праходзь у гасцёўню... Валера цябе не ўбачыць. I я не буду бачыць, таму што цябе не было сярод нас на той вячэры. Ты была тым летам у маёй стрыечнай сястры ў Чашніках. Помніш тое лета?

— Божачкі! Ну, гэта ўжо занадта, ма-а! Вядома, я памятаю тое лета. Я i цяпер прыехала да стрыечнай у Чашнікі, але пра якога Валеру ты мне тут кажаш?! Пра якую «Сталічную»?! Пусты... даўно пакінуты намі дом!— амаль крычала ўжо Вольга,—У мяне працягваецца слыхавая галюцынацыя. Ты, ма-а, у Чыкага! На могілках пад каменнаю плітою. «Людміла Іванаўна Грынчук» там напісана.

— Волечка, дык я ж не пярэчу,— адразу адгукнулася маці.— Файная пліта! Вы з Алексам усё зрабілі, як я i прасіла. А тут... Я ж табе растлумачыла... Другі космас i гэтая бясконцая вячэра!

Вольга не стала нічога адказваць, кінулася да дзвярэй гасцёўні, ірванула ix на сябе... «У эфіры апошнія паведамленні! У сваёй заяве ад трэцяга жніўня Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў...» — пачула яна, i голас дыктара адразу адляцеў некуды, стаў неістотным фонам, як i сам рэпрадуктар на шырокім падаконні за тонкаю гардзінаю.

— Ма-а... Ма-а! — але вусны ледзь варухнуліся. I ўсё астатняе жыццё, колькі ёй адмерана, час ад часу ў думках Вольга будзе вяртацца да гэтага моманту першага ашаламлення...