Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 8

Раіса Баравікова

— Ма-а, ты пахавана ў Чыкага. Тут не можа гучаць твой голас, як не можа ён гучаць i ў любым іншым месцы. Гэта ўсё мае думкі, мае ўяўленне. Пра каго ж мне тут думаць, як не пра цябе? — i яна зноў асцярожна азірнулася — аднекуль жа ідзе гэты голас!.. I загаварыла, як мага больш разважліва: — Вунь ля бэзу ляжыць мой мяч. Я помню, як ты мне прывезла яго з Хойнікаў, яшчэ калі жылі на цэнтральнай сядзібе. Потым ён валяўся ў кладоўцы ўжо ў гэтым доме, і нехта выкінуў яго сюды. Ён ужо не такі ружовы.

— Во-о як! Перакінулася на мячык,— незадаволена адгукнулася маці,— А мне цікава пачуць, як у вас усё складваецца?

Вольга марудзіла з адказам. У галаве ўвесь час круцілася думка, ці не звар'яцела яна: самым натуральным чынам ужо колькі хвілін размаўляе з памерлай маці.

— Ну, дык што Ран?

I Вольга загаварыла:

— Ён быў супраць, не хацеў, каб я ехала сюды. A ўсё пачалося ў чэрвені. Ран нагледзеў возера . Гэта недзе паміж Чыкага i Мілуокі. Мы ехалі туды, i Ран мне расказваў пра штат Вісконсін. Brown гэтым штаце. «Вісконсін — самы малочны штат,— казаў ён— Тут вырабляюць славуты вісконсінскі сыр». А я глядзела на кукурузныя палеткі, на ўпадзіны i пагоркі... Мільгалі фермы, невялікія статкі ля ix. I мне ўвесь час хацелася плакаць. Даўно-даўно, а я помню, ма-а... Я вельмі добра помню. Я была ў такіх беленькіх сандаліках. Бацька вёз мяне ў Гомель... Тады па дарозе таксама мільгалі пагоркі i статкі.

— Пра бацьку не трэба,— абарвала яе маці,— Прыехала дык прыехала. Мы занадта доўга гаворым, а я тут строю вячэру.

— Вячэру? — Вольга здзіўлена зірнула на гадзіннік.

— Гэта ў нас тут вячэра,— удакладніла маці.

Вольга пацерла скроні, абхапіла i сціснула галаву рукамі. «У мяне слыхавая галюцынацыя,— зрабіла яна ашаламляльнае адкрыццё.— Як гэта я раней пра тое не падумала? Ёсць жа такі тэрмін у медыцыне. Мне гэта ўсё здаецца. Слыхавая галюцынацыя».

A маці тым часам працягвала:

— Ты разумееш, у нашым доме спыніўся час i ўсё пракручваецца i пракручваецца адна i тая вячэра. Бясконцая вячэра.

— Не, ма-а, я гэтага не разумею.

— А гэтага, Волечка, ніхто зразумець не можа,— сказала маці.— Падчас той чарнобыльскай аварыі неба абрынулася на зямлю. Тут другі космас, а хто з жывых ведае, што робіцца ў космасе?!

I Вольга не вытрывала, закрычала:

— Які тут можа быць другі космас?! Глупства, ма-а! Абязлюднелае, глухое месца. Ну вось зараз... Зараз я ўскочу на веранду, i ўсё скончыцца! Я буду блукаць па пакоях сам-насам з гэтым домам... А ты там... У Чыкага! Чуеш, пад той магільнай плітою.

Яна сцягнула з плячэй скураны рукзачок, які дагэтуль быў у яе за спінаю, кінула яго пад сцяну i ўхапілася за вушак... «Ну, вядома,— думалася ёй,— гэтая слыхавая галюцынацыя ў мяне можа быць ад зморанасці. Адмерала ж пехам кіламетраў семнаццаць, увесь час напружана ўслухоўваючыся ў мёртвую цішу. I цяпер гэтае напружанне магло прарвацца матчыным голасам. Трэба расслабіцца, нічога ж страшнага не здарылася...» Ёй вельмі хацелася сюды, у дом апошніх гадоў свайго дзяцінства, куды так часта вярталася ў думках, ад чаго ніяк не магла выбавіцца нават у снах.