Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 7

Раіса Баравікова

— Прыехала?! Я ведала, што ты некалі з'явішся сюды.

Колькі б ні мінала часу, у любы момант дня i начы, сярод мноства іншых галасоў яна пазнала б гэты голас, але ці магчыма такое? I зараз жа пачула ў адказ:

— Магчыма!

Вольга затаіла дыханне, разгублена азірнулася, позіркам пацягнулася да сланечніку, да шыпшынніку ззаду, нібыта шукала тое месца, адкуль ішоў голас, i вусны выдыхнулі неўразумелае:

— Ма-а?

— Ну што — ма-а? Ногі збіла. Не маглі бліжэй да шлагбаума падвезці? Абы сто даляраў узяць! Няхай сабе гэтае месца цяпер зона, але ж наўкол шмат прасёлкавых дарог. Людзі тут, бывае, шныраюць...

Маці, відавочна, была раззлаваная тым, што Вольгу не давезлі бліжэй да шлагбаума ці нават не падкінулі ў самую зону. Але Вольгу палохала не гэтая зласлівая інтанацыя, а сам такі неверагодны факт існавання тут матчынага голасу. Лёгкая маечка пад вятроўкаю зрабілася вогкай. Вольга адчула, як пад самым сэрцам заварушыўся халадок страху.

— Ма-а? — Яна ўсё азіралася i азіралася, нібы там, за кустамі, за разамлелымі дрэвамі, хтосьці нябачны ўсё цікаваў i цікаваў за ёю.— Насланнё нейкае! — сказала гучна, каб крыху падбадзёрыць сябе.— Два гады, як ты памерла ў Чыкага. Ты пахавана там. Мы з містэрам Алексам яшчэ тыдзень таму назад стаялі каля тваёй надмагільнай пліты...

— Ну i што з таго, што пахавана ў Чыкага? Я заўсёды імкнулася сюды, ад самага першага моманту. Гэта адчула ўжо ў Шэнане, калі высаджваліся на гадзіну, яшчэ не даляцеўшы да Амерыкі.

— Чаго ж тады ляцела?

— Ратавала цябе! Ага-а, ратавала... Ад радыяцыі! Усе ратаваліся... Тады шмат каго адсялялі. Хто ў Гомель, хто ў Мінск, хто яшчэ куды ехаў. А я як мага далей... З'явілася такая магчымасць, я i скарыстала яе.

— Ты ўцякала ад бацькі,— запярэчыла Вольга.

— I гэта таксама было. Калі б не Алекс... Сама ведаеш! Яму было ўсё роўна, колькі ў мяне цыцак дзве ці адна!

— Ма-а... Містэру Алексу было семдзесят, а табе сорак тры!

— Няхай, я ўсё роўна была шчаслівая. А ты з Ранам? — i праз паўзу: — Ну, раскажы мне, што ў вас там?

Ран... Вольга хацела сказаць: «У нас усё нармальна! Ран па-ранейшаму ганяе аўтамабілі з Чыкага ў Мілуокі», але замест гэтага адказала, заціскаючы ў сабе страх: