Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 5

Раіса Баравікова

«Навукоўка, з гісторыяй справу мае»,— мільганула у мяне думка, a ўголас сказаў

— Дасведчаная ты. Я вось дык i не ведаю, пра якога Гольшу ты мне тут расказваеш, хоць здагадваюся. Гольша... Гальшаны... Дык, кажаш, горад ён тут гарадзіў? — засмяяўся я, а сам трымчу ўвесь. Яна мяне надзвычай хвалюе.

— Ага-а, ягоны горад,— жвава адгукнулася яна.

— Ну, а як ты гэта сказала — бязэцнік? Той, што тут рабіў?

— Не тут, a ў Уцені. Як толькі бязэцнік Даўмонт гвалтам узяў за сябе братавую, Нарымонтаву ліфляндку, Нарымонт i склікаў усіх астатніх братоў — i Гедруса, i Трайдэна, i Гольшу, вядома, каб вярнуць сваю жонку назад, адабраць яе ў Даўмонта. Якраз тады i пачаўся абвал сцяны...

— Цікавыя рэчы расказваеш, я паўжыцця пражыў, i такі цёмны, выходзіць.

— Ой, фартэліш,— задумалася — А мо i праўда нічога не ведаеш... Калі Гольша ад'язджаў, шмат каму спляндорыкі раздаў, амулеткі металёвыя ў выглядзе сякеркі, каб без яго тыя сякеркі бяду адварочвалі. А выйшла наадварот усё. Юрачка сякераю бараніўся, але аднік, улучыўшы моманг, выхапіў яе. На астатняе Сляпко падбухторыў. Потым галаву, адсечаную, Юрачку кінулі: «Трымай, мілоснік!» — i яна бы захліпнулася i праз нейкае імгненне дадала: — Тады такая самая поўня была. Днём пабаяліся ўчыняць тое. Начы дачакаліся.

— Адкуль ты ведаеш, якая поўня тады была?

Але мяне не цікавіла агністае вока начнога неба.

Рука міжволі пацягнулася да цёплага ейнага цела, заблыталася ў густых валасах... I яна рванулася, выгнулася, што лазіна, ускочыла, шнурочак на шыі абарваўся, зачапіўшыся за маю руку. Штосьці халоднае кранула далонь, i я заціснуў шнурочак у кулаку. А яе ўжо не было побач. Я таксама ўсхапіўся, каб кінуцца ўслед, за ёю. Ускочыў i ўсё пашэрхла ў мяне. Зводдаль, на ўзвышшы ўздымалася змрочная аграмадзіна замка з вежамі, з байніцамі, абнесеная зубчастай сцяною. Поўня асвятляла яго, i ён выразна паўставаў перада мною ва ўсёй сваей велічы i магутнасці. Высозную браму таксама завяршала вежа. Перад брамаю зрок выхапіў масток, i па гэтым мастку ішлі людзі з паходнямі. Святло ад паходняў гуляла на зубчастай сцяне i асвятляла лугавіну. Там мільгала белая лёгкая постаць, раз-пораз азіраючыся, i, далібог, чуў я залівісты смех, да якога праз нейкі момант далучыўся яшчэ адзін гук — глухі конскі тупат. З супрацьлеглага ад замка боку, ад нечага цёмнага, у чым я адразу пазнаў лес, гэтак блізка ён быў ад мяне (скуль тут i ўзяўся), на кані імчаў вершнік — наперарэз белай постаці. Яна штосьці закрычала яму, i вершнік змяніў накірунак, павярнуў у мой бок. Спрацаваў адвечны інстынкт. Я кінуўся да выратавальнага лесу, i мне ўдалося нырнуць у гушчэчу...

Колькі я бег, не ведаю. Ламалася сучча, голле здзірала скуру, а я, дзе i браліся сілы, бег i бег... Наперадзе ўбачыў прагал. Рынуўся да яго, бег ужо па прагале. I раптам, дайце веры, бы з трубы якой вынырнуў — у вочы ўдарыла святло. Проста перада мною ляжаць Гальшаны. Божа мой літасцівы! Ледзь-ледзь бярэцца на адвячорак, але сонца ўжо за хатамі. Зусім недалёка нейкая цётка заняла i гоніць чародку гусей. Гусакі выгінаюць шыі... Такі звыклы вясковы малюнак. Я ажно задыхнуўся, a ногі ўжо не трымалі. Упаў у траву, ашаломлены i знясілены да крайнасці. Колькі праляжаў, як пасля дабіраўся да Пракопчыкавай сядзібы — не памятаю. Адно помніцца крык ягонай маці, калі зайшоў у хату: