Читать «Каханне (Кніга лірыкі)» онлайн - страница 9

Раіса Баравікова

3 Пчала, пачуўшы сонца, размярэжыць туманаў прыдарожную кайму, хацела верыць голасу твайму, як вераць у адлівы прыбярэжжы. Слоў не было... Ўсе гаварылі вочы, не знаю, дзе канец майму жыццю, ды знала: немагчыма пачуццю вярнуцца, скуль пайшло яно аднойчы. Схацелася б пустыні мець бярозу, сказаў бы мудры мудрае: «Дарма!» — i дыктаваў штодня цвярозы розум: туды не трэба, дзе цябе няма. Так перажыўшы лютую зіму, з палёгкаю ўздыхнуць спрабуе вецце: не тое сонца, што праменна свеціць, а тое, што цяпло дае ўсяму... 4 Дзень у жыццё ідзе з начы i ў ноч ўпадае, патроху ўсім раздаючы, што выпадае. Пяшчота — вам, а вам — бяда, а вам — дакука... I дню нічога не шкада — будзь смех, будзь мука. Ноч звязвае два розных дні сабой адною, яна — праслойка цішыні між мітуснёю. Без дня яна — без дрэва цень; рака — без броду... I што вышэй за ўзнагароду — з дня ў ноч, з начы ізноў у дзень?.. 5 Раней было i зараз яно ёсць, хоць часта пагражае развітаннем... Нас маладосць адорвае каханнем, каханне нас вяртае ў маладосць. Будзь юным ці зняможаным старцом, тады адкрыеш тайну захаплення, калі сябе адчуеш пад вянцом, падоранага вечнасцю натхнення. А без яго дзень поўны пустаты. Пайшоў... з вянцом, бы пад аховай ззяння, i ля чыіх калень яго здымаеш ты пасля майго адданага кахання. Цяпер знайшла прытулак ноч у сценах, дзе мне чакаць тваёй павечна ласкі, бо, можа быць, жыцце ўсе наша сцэна, i толькі смерць здымае з твараў маскі. А голас ветру, дзікі i хрыпаты, нібы шумеў з далёкіх мне вякоў: знаходзіць той, хто знаў няволю страты, хто знаў каханне,— пакахае зноў... 6 Уся яна як дзьмухавец, далёкая ад засмучэння, i дрэў зялёная павець яе азорана свячэннем. Разгублена ўздыхаю я (старонні скажа: «Ах... дзівачка!»), хай бы была яна — жняя, настаўніца ці, скажам, швачка. Змагла б i палюбіць яе, бо жнеек шлях усім вядомы, як рэдка хтосьці з ix пяе,— часцей зажураны ад стомы. А швачка... Шво бяжыць з-пад рук, i твар яе мне быў бы мілы,— хай паспрабуе хто без мук укласці ў працу час i сілы. Настаўніца... Паспачуваць ей можна ў нашым спрэчным свеце, яе змагла б я апяваць, бо знаю, што такое дзеці. А тут... Хоць узнясі, хоць плюнь, бы й невядома ей кручына, з табой ідзе адно Жанчына, ды... з наравістасцю красунь.