Читать «Паром празь Ля-Манш» онлайн - страница 4

Уладзімір Арлоў

Архіварыюс Война

Прыкладна раз на год, звычайна перад Калядамі паводле грыгарыянскага календара, мне сьніцца полацкі архіварыюс Аўгустын Война, маладжавы манах-базылянін з залатым зубам, таемны геданіст і, магчыма, мой продак, які ня першы год судзіцца з полацкімі езуітамі, складаючы каліграфічным почыркам дваццаць сёмую скаргу каралеўскім камісарам. Войну замінае спаць гадзіньнік на касьцёле сьвятога Стэфана. Война лічыць шарлятанствам мэханічную галаву з калегіюму, што гаворыць на ўсіх вядомых мовах, і наагул мае да Таварыства Езуса спадчынную нялюбасьць, за выняткам айца Папэ, якому (зусім дарэмна) давераны вінны склеп (ён таксама мне сьніцца, аднак трохі часьцей), айца Папэ, які можа нацадзіць з дубовае бочкі, равесьніцы Літавора Храптовіча, кухаль старога мёду і — бывай, любая застуда. Война здымае з паліцы мае кнігі з аўтографамі, сьпярэшчаныя іранічнымі маргіналіямі, за якімі сарамяжліва хаваецца чараватая пляшка, і — у залежнасьці ад настрою — звоніць па тэлефоне спачатку айцу Папэ або адразу мне самому — тут я прачынаюся ад начнога міжгародняга званка. Хтосьці маўчыць у слухаўку, плывуць па правадах удары гадзіньніка сьвятога Стэфана, пяюць на Дзьвіне цыбатыя асначы, хіхікае па-змоўніцку айцец Папэ, шэпча ўва мне ўпэўнены голас: ты таксама прысьнісься камусьці на Каляды, набраўшы тэлефонны нумар, які можна адшукаць адно ў паперах каралеўскага камісара, якому падае каліграфічную скаргу полацкі архіварыюс Аўгустын Война, маладжавы манах-базылянін, таемны геданіст і, магчыма, мой продак. Студня Нахілюся над студняй, каб убачыць самога сябе. Глядзяць на мяне з глыбіні то сьветлагаловы хлапчук, то сівабароды стары, а часам няма адлюстраваньня, быццам не нахіліўся ніхто над студняй. Няўжо гэта я — хлапчук? Няўжо гэта я — стары? Няўжо гэта я — адсутнасьць адлюстраваньня?

Бібліятэка імя Скарыны ў Лёндане

Вечар, які бавіш удваіх з «Sarmatiae Europeae descriptio...», MDLXXXI* віцебскага камэнданта Аляксандра Гваніні, не вяшчуе нічога, апрача ленаватай чародкі думак пра ўвішнага італійца, што з маўклівага дазволу Кліё беспардонна сьпісваў у свайго падначаленага Мацея Стрыйкоўскага. (Абвінавачаньне ў плягіяце здымаецца з прычыны даўніны.) Зялёны авал сьвятла на велічным стале, вартым штабу маршала Нэя, дзе шарыкавая асадка на месцы цяжэзнага каламара з пазалочанымі музамі і гусіным пяром выглядае як міні-спадніца на шчадралюбных клубах каралевы Боны. Легкадумныя дыялёгі з героямі гравюраў на ломкіх аркушах in folio колеру леташняй аўсянае саломы. Вялікаму князю Альгерду можна выказаць шчырае спачуваньне (калі летапісцы, як зазвычай, ня ўводзяць нас у зман), што ён ня ведаў смаку перабрадзілага вінаграднага соку. У Віценя ніхто не замінае запытацца пра эпікурэйскія вусы карчомнага заўсёдніка, а яго мосьць Скіргайла няхай узгадае, як полацкія месьцічы прывязалі яго задам наперад да старое кабылы. Habent sua fata libelli** — аздобленае пацінаю выслоўе таксама гучыць легкаважна. I раптам ад паліцы з гатычнымі шрыфтамі вее трывожны ветрык. Тамы ў цісьнёных пераплётах спакваля поўняцца непрыхільнасьцю. Альгерд на тытульным аркушы пагардліва падцінае вусны. Сьвідрыгайла выцягвае з тула стралу. Нічога добрага не абяцае насуплены пагляд Вітаўта. Цяжкія завесы набываюць зьнячэўку скульптурную рэльефнасьць — іх хочацца падняць, каб пераканацца, што там сапраўды пуста, але лепей пакінуць гэтыя падазроныя складкі ў спакоі. Стары лёнданскі дом абуджаецца якраз у тую хвіліну, калі ты неабачліва аказаўся ягоным закладнікам, дом, які прасьцюжана ўздыхае, які бярэ ўнізе нечай рукою тэлефон, прымушаючы ўявіць стол бастыёнам і пасунуць бліжэй сьціплы томік in quarto пад даўжэзнай барокавай назваю «Собрание припадков краткое...» еtс., здаецца, адзіную кнігу, выдрукаваную па-беларуску за ўсё доўгае XVIII стагодзьдзе. (Факт, безумоўна, з гаркавым прысмакам, хоць стагодзьдзе ўсё ж прамінула ня марна.) Нешта дзеецца з часам: стагодзьдзі набываюць розную працягласьць і шчыльнасьць і, што самае небясьпечнае, пачынаюць дыфузаваць, у выніку чаго твой 1994-ты можа апынуцца дзе-небудзь паміж Вялікай францускай рэвалюцыяй і Люі Філіпам... Каб упэўніцца, што зьмены яшчэ не зрабіліся незваротнымі, ты асьцярожна сустракаесься вачыма зь люстрам кніжнае вітрыны. Павагаўшыся, люстра пацьвярджае: гэты чалавек — пакуль што ты.