Читать «Паром празь Ля-Манш» онлайн

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

ПАРОМ ПРАЗЬ ЛЯ-МАНШ

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Паром празь Ля-Манш. Вершы — Мінск: Логвінаў, 2006. — 156с.

Рэдактар: Валянцін Акудовіч

Спроба завершанага жыцьцяпісу

Прыйшоў на сьвет у год Зьмяі паводле ўсходняга календара і ў год сьмерці Сталіна паводле календара савецкага, пад знакам Дзевы, у радзільні насупроць Сафійскага сабору у Полацку; быў таемна ахрышчаны праваслаўным папом, якога схапіў за бараду і не адпускаў, пакуль не паказалі салодкага пеўніка на палачцы; узброіўшыся сьвечкай і клубком бабуліных нітак, у няпоўныя сем гадоў выправіўся на пошукі лёхаў, што ў часы Сьцяпана Батуры злучалі гарадзкія манастыры й храмы; з тае пары так і бадзяюся па замурованых лябірынтах, шукаючы Полацкі летапіс, крыж Эўфрасіньні і сумнеўную славу; памру ўлетку, калі споўніцца тысяча гадоў князю Ўсяславу Чарадзею; буду пахаваны на полацкіх могілках сьвятога Ксавэрыя па грэка-каталіцкім абрадзе; хтосьці пакладзе на цёплую зямлю букецік валошак і тры гвазьдзікі вядомых колераў; у беларускім тэксьце на помніку згодна з нацыянальнай традыцыяй будзе зробленая артаграфічная памылка.

Паром празь Ля-Манш

Я так і думаў: тут амаль ніхто (калі не лічыць мяне) не гаворыць па-беларуску, але, каб ты была са мною, гэты дробны недахоп імгненна ператварыўся б у велізарную перавагу, бо ў гушчыні палюбнай публікі мы маглі б гаварыць пра нашы пачуцьці, не саромеючыся самага патаемнага (ты ведаеш, якія вострыя адчуваньні могуць падараваць проста словы), за выняткам таго, што нельга казаць нават шэптам у ложку — пагатоў, мы з табою схільныя да прымхаў і часта стукаем тры разы па дрэве. Наш карабель (па-тутэйшаму — ferry, альбо boat-ship) гайдае ўсё мацней, і ўжо ёсьць першыя ахвяры марское хваробы. (Дзякуй богу, што я — з банальнай прычыны адсутнасьці фунтаў — не нажлукціўся піва ў карабельным бары.) Манэтаў у кішэнях яшчэ хапіла б на званок табе, толькі я ўспомніў пра розьніцу ў часе. (Цікава, хто пражыў гэтыя дзьве гадзіны замест мяне?) Порт Ramsgate выдае з мора на шыкоўныя дэкарацыі да фільму «Каханка францускага лейтэнанта» паводле раману жыхара гэтае выспы Дж. Фаўлза. Я не казаў табе, што білет у Ramsgate (разам з сваім тэлефонам) дала мне ў Менску дзяўчына зь зялёнымі, як сёньняшні Ля-Манш, вачыма, якую я ахвотна запрасіў бы павячэраць удваіх, калі б на сьвеце не было цябе. За прыбярэжнымі кулісамі рыхтуецца да выхаду мытнік з шэксьпіраўскім імем Рычард, які дзякуючы рудой барадзе прыме мяне за хлапца з Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміі. Але ўсё скончыцца памысна, калі не лічыць спазьненьня на вакзал «Victoria», дзе ўчора ірляндцы мімаходзь апусьцілі ў сьметніцы чарговую партыю бомбаў, замаскаваных пад порцыі плямбіру, каб два чалавекі ўжо ніколі не змаглі трапіць у Эўропу, а яшчэ адзін здолеў бы наведаць яе ў камфартабэльным вазку для бязногіх. Усё скончыцца памысна: я хутка прывыкну да левабаковага руху (урэшце, гэта пустая фармальнасьць, бо ўсе мы, згадзіся, рухаемся ў адным кірунку, хоць часам нам з табою ўдаецца рухацца насустрач адно аднаму і нават сустракацца); у тэрарыстаў будуць велікодныя вакацыі; я пакажу, як прайсьці на Holden Road пажылой мурынцы з Вэст-Індыі, і за гэта мяне нязлосна цапне за нагу пародзісты брытанскі сабака невядомае мне пароды; голуб з Trafalgar Square на знак асаблівага даверу пакіне белы кружок на маім зялёным швэдры (у Менску адзін абазнаны габрэй скажа, што апрача зялёнага швэдра ў мяне зялёная аўра; я не прамінаў бы падзяліцца гэтымі зьвесткамі зь зеленавокай менскай касіркай — калі б на сьвеце не было цябе), і калі я зноў падымуся на boat-ship, Англія здасца мне ўтульным зялёным хутарам, дзе можна было б затрымацца яшчэ на тыдзень, каб там больш гаварылі па-беларуску, прынамсі — ты.