Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 7
Ніл Гілевіч
— Вавёрка! Вавёрка на бярозе!
I падбег да дрэва бліжэй, і, задраўшы галаву, паказваў угору рукой.
— Вунь, на другім суку, вунь! Бачыце, як пазірае!
I дзеці ўбачылі, і закрычалі наперабой — каб пачулі і тыя, што былі каля школы.
— Вавёрка! Вавёрка! Хутчэй сюды! Вавёрка!
— А які хвост, гляньце! Большы за самую!
— Во, пабегла яшчэ вышэй!
— Дзе яна, дзе? Я не бачу, пакажыце! Коля, дзе яна? Ты бачыш?
Праз хвіліну пад бярозаю была ўся школа — усе чатыры класы. Збегліся як на вялікае дзіва. Хоць зусім мала хто — хіба сёй-той з першакласнікаў — не бачыў вавёрак у лесе. Але ў лесе — гэта адно, а тут — на краі вёскі, каля самай школы, — гэта ўжо зусім іншае. Ды калі яшчэ побач з табой — больш за паўсотні чалавек, і ўсе крычаць, свішчуць, улюлюкаюць, — і нядзіва прымеш за дзіва.
Ніна гуляла з такой жа дашкольніцай, як сама, у дварэ школы, калі ўсчаўся ўвесь гэты гармідар, і зразумела, што каля бярозы нешта здарылася, і таксама пабегла ўслед за дзецьмі. Такі ўжо закон грамады: раз бягуць усе — бягу і я. Чацвёртакласніца Фрузка, таксама дачка настаўніцы, схапіла Ніну за руку, падвяла бліжэй да бярозы і паказала, дзе сядзіць вавёрка. I Ніна ўбачыла.
— Вавёрачка! Вавёрачка! — радасна закрычала яна і нават заскакала і ў ладкі запляскала. — Якая прыгожанькая! Якая прыгожанькая!
— Давайце згонім яе з бярозы і зловім! — прапанаваў Юзік. — Ёй жа тут, долках, не будзе дзе дзецца!
— А як ты яе згоніш?
— Каменнямі, палкамі!..
— А. як пападзеш каменем дый заб'еш?
— Ведаеце што? Трэба, каб хто палез на бярозу і пачаў там страшыць яе, дык яна па суках і спусціцца. Хто ў нас найлепш лазіць?
— Во — Мішка Цала!
— Цала, палезеш?
Цала — гэта была мянушка, бо як быў малы — замест «сала» казаў «цала». Мішка задзёр галаву, зморшчыў кірпаты нос у рабацінні, вышчарыў рэдкія, са шчарбінай, зубы і ўставіўся позіркам у светла-зялёную высь, яшчэ такую не густую, што запалоханы звярок быў адусюль відаць.
— Магу злазіць, — сказаў неяк вяла, без ніякага запалу Мішка.
Але пакараскаўся па ствале спрытна, сілу, было бачна, у руках меў — падцягваўся лёгка, нагамі абшчарэпваў бярозу, як клешчамі. Праз якую хвіліну ўжо стаяў на першым суку і шукаў вачыма бедную нязваную-неспадзяваную лясную госцю. Адчуўшы небяспеку, вавёрка шмыгнула вышэй і схавалася за ствол. Яшчэ праз хвіліну Цала забраўся на наступны сук. I тут Юзік, які і падбіў сябрука лезці, раптам закрычаў:
— Цала! Уцякай! Яна табе на галаву зараз скоча! Як кот Савосю! Уцякай скарэй!
I ўсе гэтак моцна падхапілі:
— Уцякай, Цала! Яна табе вочы выдзера!
— Яна ўжо зусім блізка, Цала! Уцякай!
— Уцякай, Цала! Як Савосю будзе!
— Злазь, Цала! Злазь!
Мішка, вядома ж, ведаў гісторыю пра Савося, якому кот, ратуючыся ад сабакі, скочыў на галаву, — тады гэту паэму Якуба Коласа ўсе школьнікі ведалі. Не на жарт перапалоханы, Цала долу не злазіў, а ляцеў, ледзь дакранаючыся рукамі і нагамі да ствала, а метры за два ад зямлі і зусім сарваўся, гэпнуўся і кульнуўся прэч ад бярозы. Смеху-рогату было ад той пацехі нямала. Смяялася, аж заходзілася, і Ніна.