Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 6
Ніл Гілевіч
Так і зрабіў. Дадому ісці недалёка, кватэра ў гэтым жа школьным будынку, толькі з другога ўваходу, і праз хвіліну пасля званка Іван Рыгоравіч ужо быў на сваёй палавіне. Ніна была дома адна, сядзела на канапе спанураная, засмучаная і на бацьку не падняла вачэй. Больш за гэта — пачала шморгаць носам і ўсхліпваць. Іван Рыгоравіч сеў побач, пасадзіў яе сабе на калена (адчуў, што нават упіраецца, не хоча яго пяшчоты) і ласкава пачаў пытаць:
— Чаго ты, Ніначка? Што з табой? Нават слёзкамі плачаш? Чаго?
— А ты... а ты... мяне не пагладзіў, — з вялікай крыўдай у голасе, глытаючы спазмы, адказала Ніна. — Усіх пагладзіў па галаве, а мяне не пагладзіў...
Іван Рыгоравіч быў моцна ўражаны. Прытуліў малую да грудзей, абцалаваў вочы, галоўку, і гладзіў, і прамаўляў, расчулены амаль да слёз:
— Ах ты, мая раднюсенькая, крывіначка ты мая дарагая! Якая ж ты раўнівая і ранімая! Так лёгка ўпадаеш у крыўду! Ой жа і дастанецца табе ў жыцці з такім сэрцайкам!..
Ягоных высокіх слоў Ніна яшчэ не разумела. На тую хвіліну ёй было досыць адчуць, што тата моцна-моцна яе любіць. Як і яна яго.
«Не бі вавёрачку»
На перапынках любімае месца дзяцей было пад бярозай — высознай, кунатай, ужо досыць тоўстай у камлі, унізе парэпаным, у чорных трэшчынах, вышэй — белым і гладкім, у танюсенькіх завіточках-стужачках на кары. Яна стаяла за нейкіх трыццаць крокаў ад будынку школы, за глухою, без вокнаў, сцяной, наўзбоч ад дарогі, што вяла да недалёкага лесу. Зямля пад бярозаю была вытаптана дзіцячымі нагамі так, што ў летнія сухія дні напамінала пульхны шэры попел, ніякая трава там ужо ніколі не расла — не паспявала прарасці. Для забаў і гульняў месца было вельмі прывабнае. Дзяўчынкі, пабраўшыся за рукі, утваралі колца і раскручвалі яго — колькі было сілы, аж пакуль не парвецца, і тады нехта, пад вясёлы смех-рогат астатніх, паляціць-пакоціцца долу. Хлопчыкі любілі тут дужацца, мерацца сілай, гуляць «у ножыка», а яшчэ — спаборнічалі, хто вышэй залезе на бярозу. Справа была не з лёгкіх — абхопліваючы гладкі камель рукамі і нагамі, дабрацца да першых сукоў. Але найбольш спрытным са старэйшых гэта ўдавалася. Ну а там, па суках, залазілі і досыць высока.
Гэтым разам першы збег з ганку школы і пусціўся, падскокваючы, да бярозы Юзік Грабянок — самы задзірысты ўчацвёртым класе малец, завадатар усялякіх хлапечых прыгод. Ён жа і ўбачыў першы, як з зямлі скочыла на камель бярозы і потым шуснула ўгору, у маёвую зелень, вавёрка. Юзік «тармазнуў» і, нібы не верачы вачам сваім, на імгненне аслупянеў. Тым часам ад школы, як наперагонкі, несліся хлапчукі, а за імі і дзяўчынкі. I Юзік, павярнуўшыся да іх, штосілы закрычаў: