Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 9
Ніл Гілевіч
Пацалаваў Ніну ў лобік, мацней прытуліў да сябе і панёс у хату.
* * *
Назаўтра раніцай, калі Іван Рыгоравіч збіраўся ісці ў школу і шукаў патрэбны сшытак, у хату з двара ўляцела Ніна і, нават не зачыніўшы дзвярэй, выпаліла:
— Тата! Ён уцёк!
— Хто — уцёк?
— Мішка! Ён уцёк!
— Які Мішка? I адкуль уцёк? — заклапочаны сваім, не адразу скеміў Іван Рыгоравіч.
— З турмы уцёк! Мішка! Ён пайшоў у школу!
— А-а, Мішка! — успомніў, нарэшце, Іван Рыгоравіч. — Не, Ніначка, ён не ўцёк. Ён надта прасіўся, каб яму даравалі, і даў слова, што больш ніколі не будзе хуліганіць. Ну вось, яго пашкадавалі, паверылі яму і адпусцілі. Разумееш?
— Больш ніколі не будзе? — перапытала Ніна. Памаўчала і сур'ёзна, у задуменні, дадала: — То гэта добра.
Вянок для мамы
Ліпа старэйшая за Ніну на два з палавінай гады. Невялікая, нібыта, розніца — усяго два з палавінай. Але гэта калі людзі дарослыя, у сталым веку, а калі каму восем, як Ніне, а каму ўжо дзесяць з палавінай, як Ліпе, — дык ого якая вялікая розніца! Ліпа ведае ўсяго ўсялякага нашмат-нашмат больш, чым Ніна, і разбіраецца многа ў чым нашмат-нашмат лепш. Там, дзе для Ніны яшчэ поўная няяснасць і загадка і толькі адны пытанні: а як гэта? а чаму? а куды і адкуль? — для Ліпы амаль усё ясна і зразумела, ці прынамсі зразумела нешта самае галоўнае, што дае права глядзець на Ніну як на яшчэ зусім някемную зялепуху і казаць: «Ну, ты ўсё роўна гэтага не зразумееш, ты яшчэ малая. Зразумееш, як трохі падрасцеш». Вось табе і ўсяго два з палавінай гады розніцы! I Ніна вельмі зайздросціла Ліпе, што тая ўжо вялікая і так шмат усяго ведае.
Быў самы пачатак чэрвеня. Закончана вучоба. Наперадзе — летнія канікулы. Першыя Нініны канікулы! Хоць і надта любіла хадзіць у школу, надта падабалася ёй чытаць і пісаць, рашаць задачкі, маляваць, развучваць новыя песні на ўроках спеваў, — і ўсё ж была радая, што ўжо вызвалілася ад усяго гэтага абавязковага штодзённага клопату, што наперадзе — аж тры месяцы зусім вольнага жыцця: гуляй і рабі што хочаш! Што хочаш! А пачынаецца ж лета — ужо дзеці спрабуюць купацца ў возеры, хоць вада яшчэ і халаднаватая; а скора пойдуць у гаях і на ўзлеску суніцы, услед — у смалістым сасновым бары — чарніцы, а ў гушчарах — маліны, а тады ж і вішні ў садку, і слівы, а пасля і яблыкі, салодкія ранетачкі, і мядовыя грушы... Ай-яй-яй, колькі ўсялякіх забаў і прыгод нясе цёплае сонечнае лета! Ну, але гэта ўсё — трошкі пасля, пазней, а цяпер... А цяпер — ужо надта шмат на аселіцы і ў лузе прыгожых красак-зёлак, асабліва — ярка-жоўтых казялкоў, ці кураслепаў. Вочы разбягаюцца, як паглядзіш: не луг — велічэзны залаты кілім! Ніхто не ведае, як Ніна любіць лугавыя і палявыя краскі! I не толькі глядзець-любавацца, але і рабіць з іх букецікі.
А ўчора дзяўчынкі-сяброўкі навучылі яе сплятаць з красак вянок. Аказалася, што гэта зусім няцяжка. I Ніна збегала на аселіцу і прынесла ладны жмут жоўтых казялкоў, якія ўжо зусім добра распусціліся. Рэч у тым, што не ўсякія краскі заплятаюцца ў вянок — трэба каб былі доўгія і гнуткія сцяблінкі. Сяброўкі казалі, што найлепш прыдатныя для гэтага васількі і рамонкі. Яны ж і самыя прыгожыя. Але васількі і рамонкі будуць пазней, можа, толькі праз месяц. Дык тады тое і будзе, а зараз — ну хіба не прыгожыя казялкі? I хіба не пекны будзе з іх вянок?