Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 37
Ніл Гілевіч
Калі б не каша, а «цалкі», хоць сабе і ў «мундзірах», то затраўкай да іх маглі б быць тлустыя, трохі шчыплівыя, духмяныя «маслёнікі» — стоўчанае ў ступцы падсмажанае ільняное або канаплянае семя. Макаць гарачай бульбінай у «маслёнікі» — гэта смаката не абы-якая. Куды смачней, чым бульбяныя посныя камы з салёнымі, да таго ж ужо трохі разлезлымі ў кадзі агуркамі. Але хай сабе і посныя камы, і з агуркамі — абы хутчэй, бо надта ж есці хочацца, аж у жываце падцягвае. Ісці да стала і круціцца каля маці зараз няможна, маці не любіць гэтага. Але і ўпусціць момант, калі ўсе садзяцца за стол, таксама нельга. Трэба абавязкова пачуць, як маці голасна гукне: «Есці!». Або: «Ідзіце!». Два словы разам — «Ідзіце есці!» — яна ніколі не счапляе. Здаралася, што, захопленая якім-небудзь сваім заняткам, Ніна прапус-кала загадны кліч «есці!» міма вушэй, і тады маці шырэй адчыняла дзверыну ў пакой і сярдзіта кідала: «А табе асобнае запрашэнне трэба?» Тут ужо марудзіць небяспечна, бо можна і кухталя атрымаць. А яшчэ горш, што новы мамін муж, дзядзька Міця, пачне пускацьу ход свае падкалупкі. «Вялікая пані! Дык і запрашэння чакае: сызвольце адкушаць!..» Як яна не любіць гэтыя яго шпількі! Не так самі шпількі, як тон, якім ён іх вымаўляе. Ну такі ўжо непрыемны, насмешлівы і калючы — за жывое чапляе.
Ніна вярнулася на хвілінку да свайго вязання. Гэтае захапленне найшло на яе зусім нядаўна. Зімовымі вечарамі яна не раз бачыла, як маці двума пруткамі з дзюбкамі вяжа з шарсцяных нітак то панчошкі — ёй і Ліпе, то рукавіцы, то шкарпэткі дзядзьку Міцю, то шалік. Глядзела-назірала, як чапляецца «вочка» за «вочка», як нарастае радок за радком, і аднойчы ёй здалося, што гэта не такая ўжо і хітрая рэч — вязанне, што і ў яе магло б атрымацца, калі б мама дазволіла. Але папрасіць яе аб гэтым не насмелілася. Ды неяк вечарам, прыйшоўшы з коўзанкі дахаты, — ахнула: Ліпа штосьці вяжа на тых маміных прутках! Сядзіць на ўслоне, край стала, каля самай газніцы, на стале — вялікі шэры клубоктоўстых шарсцяных нітак, а сама такая засяроджаная, важная, толькі вокам кінула на сястру, маўляў, бачыш, на што я здольная, якой сур'ёзнай справай занятая, не тое што ты, смаркачка саплівая... I — ой як заманілася Ніне таксама навучывдіа вязаць! «Ліпачка, дай і я паспрабую! — горача ўзмалілася яна. — Дай, Ліпачка, дай! Я не сапсую, вось убачыш!..» I Ліпа саступіла просьбе і неўзабаве сама здзівілася, якхутка «саплівая смаркачка» пачала вязаць не горш за яе самую.