Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 36

Ніл Гілевіч

— Куды! А ну-ка сядзь! — сувора прыкрыкнула маці. — Што гэта такое — каторы дзень ляціш, як на пажар! Што гарыць?

— Ма-а-ма, гэта ж яна спяшаецца, каб сляпога жабрака перавесці праз рэчку, — па-здрадніцку выдала прычыну Нінінай спешкі Ліпа. — Ужо ўсе дзеці ў сяле пра гэта гавораць.

— Жабрака? Гэнага Пігулеўскага? Ды ты нешта выдумляеш, — паглядзела маці на сваю заўсёды спакойную, разважлівую большую.

— Праўда! Пераводзіць жабрака праз кладку. Мне і Вікця казала, і Анютка, і Ірка...

Ніна пачырванела, як быццам яе выкрылі ў нейкім непрыгожым брыдкім учынку. Нават адчула, як не хоча глытацца камяк бульбянай кашы.

— Ну і пераводжу, і ў цябе пытацца не буду! — са злосцю кінула Ліпе.

— Ты здурнела, ці што? — уставілася маці на віноўніцу. — Мая дачка — за павадырку ў старца?

— Ен сляпы, мама, у яго зусім няма вачэй, — адчуваючы, што вось-вось набягуць слёзы, стала тлумачыць Ніна. — У яго на германскай вайне газам выела вочы, ён мне сам расказаў пра гэта. Мне надта шкада яго, мама! Ён папрасіў мяне правесці да кладкі... А тады і па кладцы... Бо адзін, ён можа сарвацца ў рэчку...

Ніна гаварыла гэта і ўсё-такі спяшалася даесці кашу, адчуваючы, што пабяжыць, што яе ніхто не стрымае — нават мама.

— Дзяцінец цябе ведае, што за наўда прыстала! Гэта ж падумаць: павадыркай да жабрака нанялася! — сярдзіта выгаварыла маці. Але з кожным словам спакайней і лагодней.

I Ніна выпырхнула, і праз колькі хвілін была на грудку. Сяброўкі ўжо чакалі яе.

— Не ішоў? — спытала, задыхаўшыся, Ніна.

— Не ішоў, — адказалі тыя ў адзін голас. Пра каго яна пытаецца — ведалі. — Мы ўжо даўно тут, яшчэ не ішоў...

Ніна далучылася да іхніх забаў, але ўвесь час, праз кожную хвіліну, кідала позірк на сцягу паўз возера — ці не ідзе той, дзеля каго яна так спяшалася. Аднакстарацтак і не паявіўся. I ў Ніны сапсаваўся настрой. Што здарылася? Чаму ён не прыйшоў? Ён жа казаў, што заўтра будзе ісці, і гэткай самай парой.

Не прыйшоў сляпы жабрак і назаўтра. Ніна нават пабегла на грудок яшчэ да снядання, думаючы, што ён пачаў хадзіць раней. Доўга стаяла, а тады яшчэ даўжэй сядзела моўчкі на кладцы, і было ёй вельмі маркотна — так, што нават да гульняў сябровак не далучылася.

Не прыйшоў старац і на трэці дзень, і на чацвёрты. I Ніна зразумела: нешта здарылася. Так, нешта нядобрае здарылася, і той убогі сляпы дзед больш не прыйдзе. Можа, немцы схапілі дзе-небудзь у дарозе? Чула, гаварылі ў вёсцы, што немцы беспрытульных, бяздомных бадзягаў забіраюць і кудысьці адвозяць. А куды — невядома.

Кожны раз, калі Ніне даводзілася пасля пераходзіць па той кладцы Калпеніцу, ёй здавалася, што яна адчувае на сваім плячы лёгкія, але ўчэпістыя пальцы сляпога старца.

Прароцтва бабы Юстыны

З кухні ў пакой, дзе сядзела ў чаканні сняданку Ніна, пацягнула смачным духам гарачай, толькі што зваранай бульбы. Дзяўчынка з прыемнасцю адрозніла па паху, што бульба варылася абіраная, ці чышчаная, а не ў «мундзірах», якая трохі аддае паранкай. Зрэшты, у «мундзірах» маці ставіла варыць бульбу на полудзень, да капусты, а раніцай звычайна варыла абіраную, а значыць — пасоленую, якая смачна есца і ўсухамятку. Ніна паглядзела на прыадчыненыя ў кухню дзверы, хвілінку падумала, потым адклала ўбок вязанне, якім, прачнуўшыся, занялася, саскочыла з ложку, амаль подбегам пра-мерала пакой з кута да парога і ціха выткнула праз дзверы галаву. «Ой, дык сёння будзе бульбяная каша!» Так, стоячы ўскрай стала, маці спрытна таўчэ на ўслоне, у ладным саганку, бульбу. «Значыць, будзем есці з салёнымі агуркамі...» — зазначыла сабе Ніна. З агуркамі, вядома, бо да кашы больш нічога няма. Малака ў іх няма, бо няма каровы, цёлачку набылі, але ёй яшчэ толькі год; сала няма таксама, бо адзінага парсючка яшчэ першымі замаразкамі забралі ўначы партызаны (ці «бандыты-рабаўнікі з горада», як перашэптваліся людзі).