Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 38
Ніл Гілевіч
Ніна хацела, пакуль прагучыць каманда «есці!», дадаць яшчэ адзін-другі радоку пачаты шалічак, але з кухні тхнула ўжо не проста гарачай бульбай, а кашай з такім знаёмым пахам, на які яна ўжо даўно забылася: запахла расплаўленым у гарачых камах маслам. Яна падбегла да дзвярэй, шморгнула спачатку лёгка, а тады глыбей разы тры носікам, і аж вочы акругліла: ну сапраўды з маслам! Ой, як здо-рава! Сёння каша будзе затоўчана маслам! А дзе ж яго мама брала? Можа, абмяняла на што-небудзь у каго з вяскоўцаў? Ці нехта ўзычыў ёй такога гасцінца? Хто гэткі добры?
Ніна выйшла на кухню. Маці яшчэ завіналася каля саганка. Поруч, як давераная асоба, пасвячоная ў таінства сатварэння сняданку, стаяла Ліпа. Да яе і прыткнулася заінтрыгаваная магічным пахам «вязальшчыца». Не паспела Ліпа пацясніць яе плечуком, як Ніна радасна прадэкламавала:
— Мама! Дык яна ж з маслам!
— Выдумляеш абы-што! — незадаволена сувірнулася маці, абскрэбваючы лыжкай таўкачык. — Яшчэ скажы: з каўбасою.
— Гэта табе ўжо мярэшчыцца масла, — спакойна дадала да слоў маці сваё патлумачэнне Ліпа. — Калі чаго смачнага доўга не ясі, дык яно тады пачынае мярэшчыцца. I са мной так, помню, было.
Здзівілася Ніна з іх адказаў, удыхнула пахкае паветра яшчэ і яшчэ раз і, можа, нешта б запярэчыла, але якраз зайшоў з двара дзядзька Міця — у зацяганай вушанцы, латаным рыжым кажуху і падшытых скурай валёнках. А калісьці, Насця памятала гэта, ён шчыгіляў у такім фацэтным чыгуначным шынялі і адпаведнай форменнай фуражцы.
— Не спазніўся?
— Ого, каб ты ды спазніўся! — не вельмі пачціва адказала маці. — Усё! Выкладаю ў місу і — сядайце! Агуркі ўжо на стале.
Кожны заняў сваё месца, і пачалі снедаць. «Ну што ж гэта за такое? — студзячы агурком гарачы камяк у роце, не перастае здзіўляцца Ніна. — Як жа я выдумляю, калі пахне! Няўжо і праўда мярэшчыцца?»
Як наўмысна, чарговую лыжку яна зачэрпнула асабліва ўдачна, і ўсе сумненні развеяліся: малюпасенечкі камячок масла не паспеў растаць у кашы і апынуўся ў яе на языку. Пасля яна зразумее, чаму не паспеў расплавіцца камячок: масла было з хола-ду, замерзлае.
— Мама! Далібог з маслам! Я не выдумляю! — выгукнула Ніна і падняла шчасліва-пераможны пагляд на маці.
— А не дуры ты галавы! — злосна абсадзіла яе тут жа маці сваёй любімай прыгаворкай. — Дурное нешта ўдукрыла сабе! Еш і не прынюхвайся!
Не данёс да місы і на нейкі момант затрымаў у падвешаным стане пустую лыжку дзядзька Міця. Сярдзітымі блякла-шэрымі вачыма ён уставіўся ў твар Ніны, і дзяўчынка на імгненне перахапіла яго калючы пагляд.
— Каб узяў ды гэтай лыжкай па лабэціне трэснуў — дык не вынюхвала б, а ела, калі пастаўлена!..
Хоць Ніна і прывыкла да грубых дзядзькавых слоў і абзыванняў, але гэтым разам яны ўдарылі яе асабліва балюча.
— Ну! Ты ўжо! Траскач знайшоўся! — кінула на дзядзьку скасавураны позірк маці. Яна не любіла, калі ён занадта злосна сувіраўся на яе дачок, і кожны раз заступалася за іх. Праўда, болыную Ліпу, ён амаль не чапаў, затое меншай даставалася на кожным кроку і з любой нагоды.