Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 39
Ніл Гілевіч
У Ніны на вачах заблішчэлі слёзы. Не так ад дзядзькавых слоў, як ад крыўды на ўсіх, што маюць яе за дурную і лічаць выдумлякай. Каша ўжо не здавалася такой смачнай, як дагэтуль, і яе лыжка відочна запаволіла тэмп. Даснедвала Ніна ўжо без ахвоты.
Самае дзіўнае, аднак, было тое, што і на другі дзень у застоллі яна зноў пачула пах масла. Праўда, ужо не за сняданкам, а за полуднем, і не ў бульбяной кашы, а ў вогусі, — так у Мурожніцы называлі кашу з тоўстых аўсяных круп. На гэты раз Ніна стрымалася — і знаку не падала, што вогусь з маслам. «Хай думаюць, што я не пазнала...»
А дні праз чатыры, калі яна ўжо і думаць перастала пра загадкавы пах і перажытыя непрыемнасці, здарылася штось зусім нечаканае. Ніна ляпіла на падворку снежнага дзеда і раптам пачула ці то плач, ці то крык-лямант іхняй суседкі — бабы Юстыны. Матка настаўніка Паўлава, якога забралі на вайну, Юстына жыла ў другой палавіне школьнага дому — у Кавалёвых за сцяною. Агульны быў не толькі дом, але і хлеў-пуня, дзе стаялі побач яе карова Зорка і цялушка Кавалёвых Мілка і дзе ляжаў, разгароджаны перасценкам, корм — дзве сцірты сена і ячнай саломы. Цяпер бабуля ішла менавіта ад пуні, і чым бліжэй падыходзіла да дому, тым выразней Ніна чула, што яна ў сваім плачы-ляманце прамаўляе.
«А каб жа ім рукі паадсыхалі па самыя локці!
А каб жа яно ім праз бакі палезла!
А ці ж яно было ў мяне лішняе!
А я ж яго сканаплю-сканаплю па каліўцу, каб было чым заваложыць картоплю, як кароўка запусціцца!
А хто ж гэта, бессаромны, на яго паквапіўся!..»
— Чаго вы, бабулька? — ступіўшы два-тры крокі насустрач, спытала крыху спалоханая і ўстрывожаная Ніна. — У вас нешта прапала?
— Прапала, дзіцятка, — выціраючы рогам хусткі вочы, адказала Юстына. — Нехта мой гарнушак масла ўкраў. Хунтаў пяць масла. Схавала ў пуні, у сене, дома баялася трымаць, што ноччу парцізані забяруць, як ужо раз забралі — і цёрлічку масла, і рукавок солі, і Валодзевы боты, што іх так і не панасіў мой сыночак... Дык во — і ў пуні нехта знайшоў, у сене, каб ён, даў Бог, сцежкі не знайшоў да парогу!..
Юстына памкнулася ўжо да свайго ганачку, як раптам Ніна ступіла ўслед і схапіла яе за рукаў.
— Бабулька, а можа, гэта мы ваша масла з'елі? Юстына рэзка туханула руку, якую яшчэ не паспела адпусціць Ніна, паглядзела пашырэлымі з'рэнкамі на дзеўчанё, долю хвіліны памаўчала, і тым гняўлівым тонам, якім звычайна бабулі-дзяды ўшчуваюць малечу, засувіралася:
— Што гэта ты, дзіцятка, гаворыш? Што ты гаворыш? Каб такія прыстойныя людзі, як твая мама, такое зрабілі?.. Не ўздумай нікому гаварыць, што ты цяпер сказала! Чуеш? Ні дома і нідзе! Нікому!.. Я ведаю, хто маё масла ўкраў, і Бог яго пакарае, на здароўе не пойдзе.
Падціснуўшы вусны, Ніна ківала галавой (маўляў, я ўсё разумею) і нязвыкла глуха прамаўляла:
— Добра, бабулька... Добра... Добра...