Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 28

Ніл Гілевіч

— Ты ж ідзі з Ліпай паздаровайся, — сказала.

I Ніна падышла да сястры, якая таксама выцірала хусцінкай слёзы, і яны абняліся і пацалаваліся.

— Ліпачка! Ліпачка! Як я сумавала без вас! Як хацела ў Мурожніцу!..

Гледзячы, як плачуць ад радасці ўсе трое, не стрымала слёз, стоячы ў расчыненых дзвярах, і гаспадыня хаты. Тым часам на падворак зайшоў і Іван Рыгоравіч.

— Здраствуй! — суха, ціха сказаў да Марыі Захараўны.

— Здароў, — неяк амаль абыякава адказала на звыклы манер госця.

— Здраствуй, Ліпачка! — павітаўся, ледзь-ледзь усміхнуўшыся, са сваёй большай і, прытуліўшы да сябе, моцна пацалаваў.

— Дык вот... прыйшлі забраць Ніну, — не адвёўшы ні хвіліны часу на ўзаемныя роспыты, абвясціла Марыя Захараўна.

— Я ведаю, — сумна кіўнуў галавою Іван Рыгоравіч. — Напэўна, так будзе лепш. Тым больш што зусім невядома, якая доля чакае тут мяне самога... Вайна толькі пачалася, усё яшчэ наперадзе...

Толькі цяпер Ніна скеміла, што забяруць адну яе, а тата застанецца тут. I радасць яе імгненна прыпагасла. Калі яна часам думала, а гэта бывала нярэдка, пра вяртанне ў Мурожніцу, то нібы само сабой разумелася, што яны з татам вернуцца разам, і ўсё будзе так, як было некалі, як яна помніла ад самага пачатку сваёй памяці. А вось жа выходзіць, што так не будзе, што яны пойдуць і... будуць жыць там без бацькі. Ніна нават памкнулася, каб сказаць: «Дык а тата? А тата не пойдзе?..» — і стрымалася, асеклася, спалохалася пачуць: «Ну вядома ж, не пойдзе...»

— Ідзі, Ніна, збяры свой адзетак і абутак, што там яшчэ хочаш забраць, складзі і звяжы ў хатуль. Мы з Ліпай будзем чакаць цябе тут, — сказала Марыя Захараўна. Сказала дачцэ, але так, каб бацька зразумеў, што гэта для яго сказана. I хоць бацька зразумеў — дадала: — Памажы ёй...

— Складзёмся, — відочна панікла адказаў Іван Рыгоравіч, доўгім сумным поглядам паглядзеў на былую жонку і рушыў на вуліцу. За ім — Ніна.

Вядома ж, Марыя Захараўна не хацела пабачыць тую, што стала жонкай яе былога мужа.

Гаспадыня хаты, якая ўсё стаяла ў дзвярах, а цяпер сышла на ганак, кашлянуўшы, на знак пачцівага папярэджання, сказала:

— Божа прамілы! I гэта ён прамяняў вас — такую жанчыну — на гэну гамзатую недалэнгу? Во асляпіў Бог чалавека!

— Мусіць, так трэба было, — сказала Марыя Захараўна. — Мусіць, так на раду напісана...

Адышлася і села на лавачку каля штыкету, даўшы зразумець, што пра «гэта» гаварыць не хоча.

Праз чвэртку гадзіны Іван Рыгоравіч і Ніна вярнуліся. Невялікі хатуль з Нінінымі пажыткамі нёс бацька. Ён быў пераапрануты ў выхадныя касцюмныя штаны і чыстую белую кашулю. Марыя Захараўна, Ліпа і Ніна развіталіся з гаспадыняй. Іван Рыгоравіч выйшаў з імі на вуліцу і там сказаў:

— Я трохі правяду вас, да крыжа, што на ростанях...

Пайшлі ўсе адным шэрагам, дзеці — пасярод, па краях — бацька і маці. Ніна — поруч з маці, ішла і раз-пораз зіркала, задзіраючы галаву, матулі ўтвар, як бы ўсё яшчэ не верачы, што гэта ява, а не сон.

— Як ты пажываеш, Ліпачка, чым займаешся? — спытаў Іван Рыгоравіч. — Ты ўжо такая дарослая. Маме памагаеш?