Читать «Разумная дзевачка (Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства)» онлайн - страница 27

Ніл Гілевіч

— Ну, хадзем, дачушка, паглядзі, дзе ты будзеш жыць.

I яна пайшла побач з ім у хату. Перад парогам яе запыніла баба Ева:

— Пачакай! Дай я цябе перахрышчу пры першым уваходзе — каб усё добра было. Пастой і паглядзі на мяне хвілінку.

Ніна трохі спалохалася: як гэта — перахрышчу? Гэта няможна! Мяне ж толькі што, перад самымі канікуламі, прынялі ў піянеры! А піянерам верыць у Бога забаронена. Ды і сам тата казаў, што ніякага Бога няма, што гэта папоўскія выдумкі... I яна задрала галаву, каб глянуць бацьку ў твар і пачуць, што скажа ён. А ён і сказаў:

— Не бойся, Ніначка, тут нічога дрэннага няма. Так трэба — паводле даўніх народных звычаяў.

Ніна здзівілася, што «тут нічога дрэннага няма», але паслухмяна падняла вочы на бабу Еву. Тая тройчы перажагнала дзяўчынку і тройчы сплюнула. I Ніна, якая ніколі праз падобнае не праходзіла, адчула, што апрача зразумелага і звыклага, у жыцці ёсць шмат такога, што ўспрымаецца ёю як нешта незвычайнае, загадкавае, таемнае. Калі, як сказаў тата, «так трэба», дык а ці трэба іначай, наадварот? Хрысцяцца тыя, што вераць у Бога, а навошта яна перахрысціла мяне?

— Хадзі, я пакажу табе, дзе ты будзеш спаць і дзе будуць ляжаць твае апраткі, — сказала баба Ева і павяла Ніну за перагародку, якая аддзяляла «кухню» ад «святліцы».

Тыдні праз два Ніна, якая вельмі любіла слухаць, што гавораць дарослыя, пачула: немцы ўжо занялі іх мясцовасць і пайшлі далей, на Віцебск. З гэтага часу для яе пачало ўсталёўвацца жыццё зусім іншае, хоць і не па віне немцаў, якіх тут, у Гараўцы, пакуль яшчэ ніхто не бачыў. На яе звалілася шмат гаспадарчых і хатніх абавязкаў: прагнаць у поле карову, напасвіць на выгане свінню з парасятамі, нарваць для свіней жа сакавітай травы ў кустах, а галоўнае — калыхаць Жору. Заданні гэтыя ёй давала перш за ўсё баба Ева, якая не любіла, калі ўжо не малое дзіця (дзесяць гадоў!) нічога не робіць, а «б'е лынды». Не паслухацца бабы Евы ці мачыхі Ніна баялася і рабіла ўсё, што загадвалі. Пагуляць з вясковымі дзецьмі на вуліцы — у яе не было часу.

Але цягнуліся гэтыя Нініны клопаты нядоўга — можа, усяго толькі які месяц. Аднойчы перад полуднем, у сухі неспякотны дзень, да іх у хату ўляцела дзеўчанё — адна з Нініных новых сябровак — і гукнула:

— Нінка! Хадзі скарэй! Твая мама ў нас! — і, павярнуўшыся да Івана Рыгоравіча, ужо спакайней дадала: — I вас прасілі прыйсці таксама.

Ніну — як токам ударыла. Усё абарвалася ўнутры. Ледзь не падкасіліся ногі. На міг захлынулася дыханне. А тады — вырваўся голас:

— Мама?.. Мая мама ў вас?

— Ну! Скарэй ідзі! Яна чакае! Там і сястра твая!

— Ліпа? I Ліпа прыйшла?.. Тата! Тата! Я пабягу!..

I кінулася кулём з хаты, нават паперадзе сяброўкі.

Маці і Ліпа яе чакалі на падворку, каля ганачку. Божа, якая прыгожая мама! У свеце няма прыгажэйшых! Нібы яшчэ і памаладзела за гэты час. А як вырасла Ліпа — амаль дарослая! Дык дзіва што: ёй ужо трынаццаты. Ніна яшчэ на подбегу развяла рукі і — нібы якаясь няведамая сіла падняла яе з зямлі і кінула ў абдымкі маці. «Мамачка! Мамачка!» — крычала, павісшы ў маці на шыі, і тулілася да яе, і плакала. Заблішчэлі слязьмі вочы і ў Марыі Захараўны. Яна расчапіла Нініны рукі і апусціла яе долу.